04 Июля, 2025 Пятница

Для ўмацавання здароўя і развіцця фізкультуры і спорту

  • 11 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    7 лістапада 2015 года. Гэтая дата ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, калі па-традыцыі прынята радаваць працоўнымі падарункамі, безумоўна, увойдзе ў летапіс Стаўбцоўшчыны. Прыгадаем, як было. У Стоўбцах ажыццяўлялася будаўніцтва вучылішча кулінараў, аднак работы на аб'екце былі прыпынены. У 2010 годзе Стаўбцоўскім райвыканкамам па ўзгадненні з Мінаблвыканкамам вызначаны канчатковы варыянт рэканструкцыі гэтага будынка ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Першая чарга аб'екта здадзена ў эксплуатацыю 30 снежня 2014 года. Затым вялася напружаная праца на аб'екце другой чаргі. І вось падзея, якую можна назваць самым радасным спартыўным словам – перамога! Фізкультурна-аздараўленчы комплекс на поўную магутнасць запрацаваў у вызначаны тэрмін. 

    Даволі цёплы для пачатку лістапада дзень. Шмат стаўбчан збіраецца на пляцоўцы вакол прыгожых, адметных дызайнам будынкаў ФАКа. Першага, які дзейнічае з пачатку гэтага года, і новага, дзе, як многія ведаюць, размяшчаюцца плавальны басейн і спартыўная зала.

    Пад гукі спартыўнага марша ў выкананні зводнага духавога аркестра ўсе накіроўваюцца да аб'екта. Юныя футбалісты, гімнасткі, лыжнікі на роліках – усё сімвалізуе развіццё спорту ў рэгіёне. Дыктар аб'яўляе аб прысутнасці сярод гасцей знакамітых спартсменаў – нашых землякоў. Апладысментамі вітаюць заслужанага майстра спорту, чэмпіёна Паралімпійскіх гульняў свету і Еўропы Вольгу Зінкевіч (яе вы бачыце на першым здымку злева), марафонца, удзельніка Алімпійскіх гульняў Аляксандра Гоцкага.

    Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра павіншаваў стаўбчан са святам. Настрой сапраўды святочны, бо фізкультурна-аздараўленчы комплекс будзе служыць і дарослым, і дзецям для ўмацавання здароўя. «Будаваць такія аб'екты няпроста. Каля 100 мільярдаў рублёў выдзелена на ўзвядзенне другой чаргі ФАКа ў Стоўбцах за сёлетнія 9 месяцаў. Дзяржава знайшла неабходныя сродкі, каб жыхары раёна маглі карыстацца гэтым сацыяльным аб'ектам у поўнай меры,» – сказаў Сямён Барысавіч.

    Віншаванне выказаў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка. Мікалай Міхайлавіч з'яўляецца старшынёй беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор'я. Плаванне з'яўляецца адным з відаў праграмы гэтага віду спорту. Як адзначыў Мікалай Іванчанка, федэрацыя будзе ўлічваць магчымасці спартыўнай базы ў Стоўбцах, каб праводзіць тут спаборніцтвы рэспубліканскага і больш высокага ўзроўняў.

     «Адкрыцця ФАКа чакалі жыхары ўсяго нашага раёна», – падкрэсліў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. Ён выказаў удзячнасць Мінскаму аблвыканкаму за значную дапамогу і падтрымку, будаўнікам, якія выдатна папрацавалі, у сціслыя тэрміны ўзвялі сацыяльны аб'ект.

    Неацэнны скарб – гэта здароўе людзей. Для гэтай мэты і будзе працаваць ФАК. А таксама для ўдальсканальвання ўмення здольных маладых людзей, якія змогуць праславіць нашу краіну ў спорце.

    Блаславілі дзейнасць фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які закліканы служыць умацаванню цела і духу, настаяцелі сабора святой Ганны айцец Аляксандр і касцёла святога Казіміра ксёндз Адам.

    Сацыяльны аб'ект, які можа стаць візітнай карткай нашага горада, узвялі будаўнікі ПМК-233. Дырэктар будаўнічай арганізацыі Яўген Корсак уручыў адміністрацыі ФАКа сімвалічны ключ новабудоўлі.

    І вось урачысты момант.  Стужку пераразаюць старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацынальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалай Іванчанка і старшыня абласной федэрацыі футбола Алег Чыкун. Новы аб'ект расчыніў дзверы.

    Уражвае чаша басейна. Адметнае афармленне залы, блакітная плынь вады. Гэта складаны, дарагі аб'ект з вялікаю колькасцю інжынерных камунікацый. Затое якая радасць стаўбчанам! На 25-метровых водных дарожках можна і наладжваць спаборніцтвы, і трэніравацца, і проста праводзіць асвяжальныя заплывы. У тарыфах для аздараўленчага плавання прадугледжаны значныя скідкі для дзяцей, пенсіянераў. Зручна набыць абанемент, разлічаны ад чатырох да дванаццаці наведванняў у месяц. Заняткі па аквааэробіцы дапаможа правесці інструктар. У зале абсталяваны зручныя раздзявалкі.

    Падымаемся на другі паверх будынка, і адкрываецца панарама залы для гульнявых відаў спорту. Акурат рабяты праводзілі матч па міні-футболе. На вялікім электронным табло фіксуюцца лік сустрэчы, секунды і хвіліны гульні. Вельмі зручная закрытая пляцоўка для арганізацыі спаборніцтваў і трэніровак па валейболе, футболе, баскетболе і гандболе. Шмат якіх дысцыплін спартыўнай праграмы можа быць запатрабавана выдатная арэна. Пэўна, магчыма яе выкарыстанне і ў якасці сцэны для культурных, забаўляльных мерапрыемстваў. Удзельнікі – на арэне, а для гледачоў – прыгожыя сядзенні на трыбунах, разлічаных на 390 месцаў.

    У будынку другой чаргі ФАКа знаходзяцца таксама і залы для спартыўнай барацьбы, аэробікі і іншыя.

    Госці азнаёміліся і з дзейнасцю першай чаргі фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Пастаянна задзейнічаны трэнажорныя залы, памяшканні для настольнага тэніса, більярдная зала. Тут таксама праводзяцца трэніроўкі спартсменаў, усе жадаючыя могуць скарыстаць платныя паслугі.

    У будынку першай чаргі ФАКа ці, як яго яшчэ называюць, адміністрацыйным, ёсць медыцынскі кабінет, вялікая актавая зала, неабходная і для заняткаў навучэнцаў ДЮСШ. У зручным памяшканні збіраюцца наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання маладых інвалідаў. Дарэчы, забяспечана неабходная шырыня праезду ў дзвярных праёмах для  калясачнікаў.

    Чацвёрты паверх першага корпуса адведзены пад гасцініцу. Такім чынам, улічваючы і стадыён са штучным пакрыццём футбольнага поля, Стоўбцы маюць цяпер належную базу для правядзення спаборніцтваў самага высокага маштабу. Можна не толькі сачыць за паядынкамі знакамітых камандаў і спартсменаў, а і самім расціць чэмпіёнаў. У кожнага ёсць магчымасць  прыйсці ў басейн, трэнажорную залу. Належны клопат удзяляецца нашаму здароўю. А хіба хто сам не зацікаўлены ў гэтым?

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Фёдар БАНДАРОВІЧПрамень

Комментарии (0)