29 Марта, 2024 Пятница

Што выбраць: цыгарэту ці здароўе?

  • 25 ноября 2015 Общество Беларуская 0

    Па статыстыцы, на сённяшні дзень на планеце Зямля курыць кожны трэці дарослы яе жыхар. У Беларусі заложнікамі шкоднай звычкі з’яўляюцца больш за 50% мужчын і звыш 20% жанчын. Хоць і марудна, паступова гэтыя лічбы змяншаюцца. У сувязі з масіраванай антытытунёвай кампаніяй, якая апошнім часам праводзіцца ў краіне, і актыўнай прапагандай здаровага ладу жыцця тысячы людзей вырашаюць адмовіцца ад цыгарэты або наогул не браць яе ў рукі. Пра тое, чаму яны не кураць, а таксама чым шкоднае курэнне, карэспандэнту “ПК” расказваюць:

    Іван Альбінавіч РАМАНОЎСКІ, старшы майстар Пастаўскага раёна газазабеспячэння філіяла “Глыбокаегаз”:

    — Мой стаж курца налічвае каля трох дзесяцігоддзяў, і ўжо гадоў пяць, як не куру. Кінуў з першага разу, калі аднойчы, прачнуўшыся раніцай пасля сямейнага застолля, дзе прысутнічалі і цыгарэты, адчуў сябе не вельмі добра. Вырашыў: трэба з імі развітвацца. Не скажу, што было лёгка гэта зрабіць. Часам бачыў у сне, як куру, і дакараў сябе за тое, бо ў рэальным жыцці вельмі баяўся сарвацца. Але такога не адбылося. Цяпер спакойна рэагую на цыгарэтны дым, хоць і не падтрымліваю тых, хто курыць.

    Такая ж палітыка і ў кіраўніцтва нашага прадпрыемства. Барацьба з курэннем пачалася ў пачатку 2000-ых, пасля прыходу ў “Віцебск­аблгаз” новага дырэктара. Была ўстаноўлена штомесячная даплата тым работнікам, якія не кураць, яны мелі перавагу перад курцамі пры прыёме на працу, пачалі актыўна развівацца спорт і культурна-масавае жыццё. Усё гэта прывяло да таго, што аматараў тытуню сярод газавікоў раёна амаль няма, на тэрыторыі прадпрыемства наогул ніхто не курыць. Калі будзе заўважаны на рабоце з цыгарэтай — можа пазбавіцца працоўнага месца.

    Аляксандр Аляксандравіч МУХЛЯ, інспектар групы

    прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС:

    — Курыць я пачаў, калі паступіў у інстытут. Хацелася адчуць сябе дарослым, не вылучацца сярод аднакурснікаў, бо курылі ўсе: і хлопцы, і дзяўчаты. Уцягнуўся вельмі хутка — літаральна пасля першай-другой цыгарэты. Некалькі разоў спрабаваў кінуць, але не атрымлівалася. Заўсёды знаходзіў тлумачэнне таму, па якой прычыне закурыў зноў. Так працягвалася 9 гадоў, пакуль дачка не папрасіла завязаць з дрэннай звычкай. Напярэдадні свайго 5-годдзя яна падышла да мяне ў слязах: “Тата, па тэлевізары казалі, што тыя, хто курыць, паміраюць. Не куры і не памірай! Мне не трэба на дзень нараджэння ніякіх іншых падарункаў!” Уражаны, я паабяцаў ёй, што кіну, і стрымаў слова.

    Рады, што пазбавіўся ад нікацінавай залежнасці. Я зноў пачаў адчуваць усю гаму пахаў, многія з якіх падчас курэння не ўспрымаў. З гадамі ўсё больш разумею яго шкоду і негатыўна стаўлюся да таго, што кураць у пад’ездах дамоў. Пасіўнае курэнне не менш небяспечнае за актыўнае. А яшчэ яно з’яўляецца адной з прычын пажараў у жылых дамах. Па сваёй рабоце ведаю, як шмат узгаранняў адбываецца ў нашым раёне з-за курэння ў ложку ў нецвярозым стане. Нярэдка людзі пазбаўляюцца не толькі жылля, але і жыцця.

    Зоя Раманаўна ШЧАЛКУН, райпедыятр Пастаўскай ЦРБ:

    — Як урач магу сказаць, што курэнне — вельмі небяскрыўдны занятак. У выніку яго хутка развіваецца прывыканне, а сама залежнасць блізкая да наркатычнай. У склад цыгарэт, акрамя нікаціну, уваходзіць каля 2 тысяч шкодных рэчываў, з іх прыкладна 30 — ядавітыя. Адно з такіх — радыеактыўны элемент палоній, з ім звязваюць рост анкалогіі мачавога пузыра. Па сваёй таксічнасці тытунёвы дым у 4,3 раза перавышае выхлапны газ аўтамабіляў. Прычым фільтры на цыгарэтах затрымліваюць толькі нікацін.

    Асабліва шкоднае курэнне для цяжарных жанчын. Сярод супрацьпаказанняў яно стаіць на першым месцы. Для будучых маці небяспечна нават знаходзіцца ў накураным пакоі. Гэта таксама можа прывесці да ўнутрывантробнага паражэння плода. У жанчын, якія кураць, каля­плодныя воды чорна-зялёныя, дзеці нараджаюцца з нізкай масай цела, бледна-шэрым колерам скуры і прыкметамі дыхальнай недастатковасці, у далейшым дрэнна набіраюць вагу. Каля 80% малышоў маюць паражэнні нервовай сістэмы, многія адстаюць у разумовым развіцці.

    Што датычыць маёй сям’і, у ёй не курыць ніхто, у тым ліку муж і абодва сыны.

    Вячаслаў Вячаслававіч ШУРПІК, спецыяліст па аперацыйна-касавай рабоце РКЦ №17 ААТ “Белаграпрамбанк”:

    — За сваё жыццё я трымаў у руках цыгарэту ўсяго адзін раз. Гэта было яшчэ ў падлеткавым узросце ў кампаніі равеснікаў. І то не выкурыў яе цалкам, а зрабіў пару зацяжак. Адчуванні не магу назваць прыемнымі, хутчэй наадварот. Яны не выклікалі жадання зноў узяцца за цыгарэту. Тым больш што я вырас у сям’і, дзе курыў бацька, і з дзяцінства не любіў цыгарэтнага дыму. Як ні дзіўна, сярод хлопцаў, з кім падтрымліваю сяброўскія адносіны, няма ніводнага курца, а вось дзяўчаты амаль усе кураць.

    Хоць лічу, што гэта выбар кожнага, да курэння ў цэлым стаўлюся негатыўна. Не разумею, што яно дае чалавеку. Толькі бессэнсоўна атручваеш свой арганізм. Сам прытрымліваюся здаровага ладу жыцця, тры разы ў тыдзень наведваю трэнажорную залу. Лічу, што сёння модна быць здаровым і спартыўным, а не курцом са стажам і букетам захворванняў.

     

    Автор: Алена ШАПАВАЛАВАПастаўскі край

Комментарии (0)