29 Апреля, 2026 Среда

Чым “узяць” турыста?

  • 01 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    На фінішы беларуска-польска-ўкраінскага праекта “Стварэнне інфармацыйнага комплексу ў сферы трансгранічнага экалагічнага турызму ў еўрарэгіёне “Буг” у Брэсце прайшла навукова-практычная канферэнцыя. Выканаўца праекта з беларускага боку – Брэсцкі абласны аграпрамысловы саюз - запрасіў калег з Польшчы і Украіны абмеркаваць інтэгрыруючы напрамак турызму – экалагічны, а таксама пазнаёміць замежных партнёраў з экатурыстычным патэнцыялам Берасцейшчыны.

    Згаданы праект, як паведаміў яго рэгіянальны каардынатар у Беларусі Георгій Грыбаў, фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага саюза па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна 2007 — 2013”. Канферэнцыі, падобныя брэсцкай, прайшлі ўжо ў Любліне і Луцку. Сёлета работа па праекце завяршаецца, а таму партнёрам было неабходна падсумаваць папярэднія вынікі і даведацца, што прапануе наша вобласць для развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва ў сферы экатурызму.

    Канферэнцыя атрымалася інфармацыйна насычанай. Так, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Рэспублікі Беларусь Віктар Дзямянчык расказаў аб прыродным патэнцыяле Беларускага Палесся і яго выкарыстанні ў экалагічным турызме. Замежны і айчынны вопыт падзейнага турызму ў сельскай мясцовасці прааналізавала Вераніка Ракіцкая з грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”. Пра этнакультурны патэнцыял Палесся і яго выкарыстанне разважала Ларыса Медзічэнка з абласнога Інстытута развіцця адукацыі. Дзмітрый Пылыпіў прадставіў вопыт і перспектывы развіцця экалагічнага турызму на прыкладзе рэспубліканскага заказніка “Прыбужскае Палессе”. Цікавым быў даклад Вадзіма Пракапчука (ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”) аб перспектыўным накірунку экатурызму – бёрдвочынгу (назіранні за птушкамі), які зараз надзвычай папулярны ў Еўропе. Пра тое, як на Берасцейшчыне рыхтуюць кадры ў сферы турызму, паведаміла кандыдат біялагічных навук, дацэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна Ірына Абрамава.

    Госці з Польшчы і Украіны таксама падзяліліся сваімі набыткамі. У выніку атрымалася грунтоўная размова. Відавочна, трансгранічнае супрацоўніцтва ў сферы экалагічнага турызму ўяўляе цікавасць для розных краін, а поўнае выкарыстанне прыродных магчымасцей тэрыторый стане той асновай, на якой можна будаваць міжнародныя турыстычныя зносіны.

    Автор: Лідзія КурбатНародная трыбуна

Комментарии (0)