04 Мая, 2024 Суббота

А як вучаць у Германіі?

  • 14 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Падарожжа ў Германію пачалося з ліста, які быў дасланы на адрас  дзяржаўнай установы адукацыі “Пастаўская гімназія”  Цэнтрам міжнародных сувязяў, што ў Мінску: настаўнікаў  з усёй Беларусі запрашалі прыняць удзел у праграме прафесійнай мабільнасці на тэму “Укараненне інтэрактыўных тэхналогій у навучальны працэс”, якая ахоплівала чатыры нямецкія гарады: Берлін, Гановер, Кёльн і Дрэздэн. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Цэнтра міжнародных сувязяў 40 настаўнікаў з усёй краіны падчас восенькіх канікулаў адправіліся знаёміцца з вопытам калег з Германіі. У склад групы ўвайшлі і мы: намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніца нямецкай мовы Ірына Валянцінаўна Гутар і  настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Ніна Дзмітрыеўна Субач.

    Усе арганізацыйныя моманты па афармленні пакета неабходных дакументаў і візы ўзяў на сябе Цэнтр міжнародных сувязяў. Парадавала тое, што для работнікаў устаноў адукацыі было прадугледжана атрыманне візы без консульскага збору.  З 24 па 30 кастрычніка беларуская дэлегацыя павінна была наведаць некалькі нямецкіх школ і гімназій, акрамя таго, былі запланаваны аглядавыя экскурсіі па гарадах.

    24 кастрычніка 40 настаўнікаў і прадстаўнікоў адміністрацыі беларускіх школ, гімназій, ліцэяў  наведалі семінар у Мінску на базе  навуковага цэнтра NEXT LEVEL кампаніі «ПрынтЛюкс» «Інтэрактыўнае асяроддзе ва ўстановах адукацыі. Сродкі і ўстройствы маніпуліравання аўдыёвізуальнай інфармацыяй». Кіраўнік праектаў цэнтра Анжаліка Анатольеўна Мешчаракова пазнаёміла нас са сродкамі і ўстройствамі, якія дазваляюць аптымальна вырашаць задачы па стварэнні інтэрактыўнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі, паказала на практыцы, як функцыянуюць розныя інтэрактыўныя камплекты,  пасля чаго кожнаму слухачу прадаставілі магчымасць папрацаваць з імі самастойна.

    Вось нас вітае Берлін. Аляксандр-плац, рэйхстаг, Брандэнбургскія вароты, Унтэр-дэр-Ліндэн, знакамітая сцяна паміж ГДР і ФРГ… Пасля двухгадзіннай экскурсіі па горадзе ў суправа­джэнні экскурсавода  з добрым валоданнем рускай мовай беларуская дэлегацыя наведала Сенат па адукацыі. Намеснік міністра адукацыі федэральнай зямлі Берлін Барбара Шэфер сустрэла нас словамі: “Заўсёды радуе, калі людзі з іншых краін цікавяцца нямецкай сістэмай адукацыі”. Барбара дваццаць тры гады адпрацавала саветнікам у школе, таму добра ведае спецыфіку і праблемы прафесіі настаўніка.  Нашай дэлегацыі была прадстаўлена прэзентацыя на тэму “Школьная сістэма горада Берлін”, затым мы задавалі пытанні.

    Абмяняўшыся вопытам і сувенірамі, адправіліся ў Гановер, а затым — у Кёльн. Пасля знаёмства з горадам мы накіраваліся ў Genoveva Gymnasium, якая існуе ўжо амаль 150 гадоў, каб пазнаёміцца з вопытам калег з федэральнай зямлі Паўночная Рэйн-Вестфалія. Намеснік дырэктара гімназіі Марка Ломан расказаў пра спецыфіку работы іх навучальнай установы, пазнаёміў з планам размяшчэння класаў, запрасіў папрысутнічаць на ўроках розных напрамкаў. Групамі па 5-6 чалавек мы наведалі ўрокі матэматыкі і фізікі (кабінеты якіх, па словах Марка Ломана, самыя багатыя на сучаснае абсталяванне), убачылі, як выкладаюць новы для нас прадмет — палітыку, пазнаёміліся з урокамі інфарматыкі і нямецкай мовы. У нас была магчымасць ацаніць узровень ведаў вучняў і працы настаўніка, абсталяванне класа і тэхнічныя ўстройствы, з якімі працуюць педагогі.

    Так, у кожным класе ў распараджэнні настаўніка ёсць інтэрактыўная дошка, на якой ён працуе з асноўным матэрыялам урока, дошка маркерная, дзе ёсць магчымасць рабіць паметкі і каментарыі да асноўнага зместу, персанальны камп’ютар, з дапамогай якога  настаўнік выводзіць інфармацыю на экран інтэрактыўнай дошкі, а таксама прынтар, які дазваляе адразу  раздрукаваць матэрыял ці заданні да ўрока. Урок доўжыцца дзевяноста хвілін з невялікім перапынкам на сорак пятай хвіліне. Дзеці актыўна абмяркоўваюць матэрыял, не баяцца рабіць памылкі, задаюць пытанні і знаходзяць правільныя адказы разам з настаўнікам.  Напаўняльнась класаў — да 30 чалавек.

    Наступную палову заняткаў мы вырашылі пазнаёміцца з урокам інфарматыкі. Настаўнік Хік (дзеці звяртаюцца да настаўнікаў па імёнах, бо імя па бацьку ў Германіі няма) тлумачыў вучням складаныя аперацыі на вылічэнне. Тыя выконвалі заданні на камп’ютарах, затым настаўнік запрашаў аднаго з вучняў за свой, настаўніцкі камп’ютар, інфармацыя з якога трансліравалася онлайн на інтэрактыўнай дошцы. Такім чынам, кожны вучань меў магчымасць бачыць, як пакрокава выконваецца тое ці іншае заданне. Дамашняе заданне настаўнік загружае на свой сайт, з якім працуе толькі ён і той ці іншы клас. На мой погляд, такая сістэма вельмі карысная і зручная, бо нават вучань, які захварэў і не мае магчымасці запісаць матэрыял, можа знайсці ўсю патрэбную інфармацыю на сайце свайго класа. На гэты раз дамашнім заданнем было паўтарэнне тэмы, над якой вучні працавалі амаль два месяцы. Настаўнік папярэдзіў, што на наступны ўрок запланавана кантрольная работа.

    Усяго самых  значных кантрольных работ чатыры на год: па дзве ў паўгоддзе. Па словах аднаго з вучняў, вынікі дадзенай работы — гэта ўжо амаль 50% выніковай гадавой адзнакі,  таму да напісання такіх работ вучні адносяцца адказна. Уразіла хуткасць інтэрнэту, з якім працуюць настаўнікі: яны маюць магчымасць трансліраваць відэа- і  аўдыёматэрыялы ў рэжыме онлайн. Так, на ўроку нямецкай мовы настаўніца пазнаёміла вучняў з творамі нямецкай пісьменніцы Шарлоты Насэ праз ролік на сайце youtube.com.

    Абмяняўшыся ўражаннямі і сувенірамі, кантактамі і сумесным фота на памяць, мы падзякавалі кіраўніцтву гімназіі за прадастаўленую магчымасць пазнаёміцца з адной са старэйшых гімназій Кёльна.

    Раніца наступнага дня пачалася з найцікавейшай экскурсіі па Дрэздэне. Наталіўшы прагу да прыгожага і старажытнага, мы з нецярпеннем адправіліся ў “Dresden International School” — міжнародную школу Дрэздэна, дзе навучанне праводзіцца толькі на англійскай мове. Школа адносна маладая: свае дзверы яна расчыніла ў 1996 годзе, але наваселле ў новым будынку святкавалі толькі ў 2009-ым. У школе вучацца прадстаўнікі розных краін. Гэта дзеці, якія па той ці іншай прычыне пераехалі сюды  жыць і з-за моўнага бар’еру навучанне ў звычайнай нямецкамоўнай школе выклікае ў іх цяжкасці. Дзеці добра валодаюць анг­лійскай мовай. Усяго ў школе 460 вучняў: 230  складаюць вучні пачатковай школы і 230 дзяцей навучаюцца ў 6-12 класах. Усе класы абсталяваны на найвышэйшым ўзроўні. Тэхнічныя сродкі прадстаўляе школа: ці то ноўтбук, ці то магчымасць каляровай раздрукоўкі.

    У раскладзе пазначаны дні, калі вучні працуюць са сваімі мабільнымі ўстройствамі: трэба прынесці смартфоны, ноўтбукі ці планшэты. А як жа іншыя сайты і сацыяльныя сеткі, якія так перашкаджаюць навучальнаму працэсу? — спытаеце вы. І гэты момант таксама прадугледжаны. Школа абсталявана спецыяльнай праграмай, якая блакіруе ўсе сайты, што не адносяцца да навучальнага працэсу, як толькі вучань пераступае парог класа. Такім чынам, вучні выкарыстоўваюць сваю тэхніку з карысцю. Асноўным патрабаваннем у такія дні з’яўляецца заражаны акамулятар да ўстройства, якога павінна хапіць не менш чым на пяць гадзін працы. Як патлумачыла нам кіраўніцтва школы, гэта робіцца з мэтай бяспекі, бо з-за размешчаных на падлозе шнуроў дзеці могуць параніцца.

    Пасля прэзентацыі ўстановы наша дэлегацыя наведала ўрокі ў пачатковай школе: дзесяцігадовыя хлопчыкі і                дзяўчынкі свабодна размаўляюць з настаўнікам на англійскай мове. Яны абмяркоўвалі каштоўнасць ветравай і сонечнай энергіі. Што адметна, настаўнікаў на ўроку было двое: працавалі яны ў пары. Як нам растлумачылі, так матэрыял лягчэй і хутчэй данесці да вучняў. У наступныя 45 хвілін была прадугледжана творчая праца ў групах, таму са спецыяльнай шафы ў класе дзеці пабралі ноўтбукі і накіраваліся ў іншы класны пакой. На перапынку мы ўбачылі, як вучні выстраіліся ў рады і робяць рытмічныя махі нагамі і рукамі: фізкультхвілінка доўжыцца не больш за 5 хвілін. Вярнуўшыся ў  канферэнц-пакой, мы зноў літаральна засыпалі пытаннямі кіраўніцтва школы. Усё было нова і цікава.

    Кожны з нас тарымаў каштоўны вопыт работы калег замежжа.  Нешта прыжывецца, нешта для нас — чужое, а штосьці будзе проста цікава расказаць дзецям. На мой погляд, удзел у такога роду се­мінарах і праграмах — гэта бясцэнны ўклад у скарбонку прафесійнай дзейнасці настаўніка. Вялікае дзякуй усім арганізатарам праекта за дасканалую арганізацыю паездкі, а начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Аляксандру Яўгеньевічу Кашырыну і дырэктару Пастаўскай гімназіі  Славаміру Часлававічу Каранеўскаму — за падтрымку і дапамогу.

    Автор: Ірына ГУТАРПастаўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)