04 Мая, 2024 Суббота

“Разлічваць можна толькі на сябе”

  • 16 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Дырэктар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіяна Пякарская — часты герой нашых газетных публікацый. Нездарма. Падначаленая ёй арганізацыя няспынна развіваецца, ствараюцца працоўныя месцы, укараняюцца новыя формы і метады работы, пазнаёміцца з якімі прыязджаюць спецыялісты не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы. Гэта не застаецца без увагі. Сёлета Д. І. Пякарская ўдастоена звання “Чалавек года Віцебшчыны”. Падзея стала нагодай для інтэрв’ю, размова ў якой ідзе зусім не пра лічбы, паказчыкі і іншыя “атрыбуты” прафе­сійнай дзейнасці…

    — Дзіяна Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства.

    — Я нарадзілася і вырасла ў Лынтупах, хадзіла ў мясцовую школу. Колькі сябе памятаю, на месцы не сядзела ніколі: выступала на сцэне, была актыўнай піянеркай, нават барабаншчыцай, за што ў свой час разам з граматай атрымала прыемнае заахвочванне — пуцёўку ў “Артэк”. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Музыка была і ёсць маім верным сябрам па жыцці.

    — Кім марылі стаць?

    — Такога пытання ў мяне ніколі не ўзнікала. Мае бацькі, сястра, бліжэйшыя родныя з’яўляюцца педагогамі. Сям’я заўсёды жыла школай. Размовы пра яе былі і вечарам, і раніцай. У старэйшых класах, здавалася, ужо сама магла педсавет праводзіць: ведала пра ўсё, што там павінна адбывацца (смяецца — аўт.). Паступіла ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут. Адчувала сябе там, як кажуць, у сваёй талерцы. Была старастай групы, спявала на сцэне. Але тады ўпершыню пераканалася, што жыццё ў вялікім горадзе не для мяне. З задавальненнем вярнулася ў родную школу. Працавала настаўніцай пачатковых класаў, педагогам-арганізатарам, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Дзякуючы падтрымцы калег асвоілася вельмі хутка.

    — З якім настроем прыязджаеце ў Лынтупы?

    — Малая радзіма — мае аддушына, адпачынак і натхненне. Па магчымасці езджу туды з мужам і дачкой кожныя выхадныя, каб падсілкавацца эмоцыямі, прывесці ў раўнавагу свой душэўны стан. Паходзіш па родных мясцінах — і нібы нанова нараджаешся, стомленасць, рабочыя пытанні — усё адыходзіць на другі план. Сям’я, зносіны з бацькамі — гэта святое. Яны мяне выхоў­валі досыць строга, я заўсёды імкнулася да таго, каб апраўдаць іх надзеі, не падвесці, каб яны маглі мной ганарыцца. З задавальненнем прыязджаю ў родны пасёлак і па рабоце. Там працуюць філіял “Лынтупы” і аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых грама­дзян Пастаўскага ТЦСАН, якое чатыры гады ўзначальвала. Стараюся ўсяляк дапамагаць землякам, уношу прапановы па ўдасканаленні работы, якія калегі тут жа падхопліваюць і ўвасабляюць у жыццё. Прымала ўдзел у стварэнні герба Лынтуп. Ды і ў любым пытанні нераўнадушная да таго, што там адбываецца.

    — Пасля таго, як занялі пасаду дырэктара ТЦСАН, вас амаль не бачна на сцэне…

    — Так, цяпер новыя клопаты, новыя абавязкі, якія патрабуюць максімуму ўвагі і часу. Прызнаюся, па творчасці сумую. Але ёсць нагода і для радасці. Як толькі я пайшла са сцэны, мяне адразу ж там замяніла… мая дачка Каця. Ёй 14. Мае выдатны голас, спявае на раённай сцэне, ­удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, у тым ліку і  песень на замежнай мове, неаднойчы станавілася іх прызёрам і пераможцай. Захапляецца і танцамі. Нягледзячы на свой узрост, яна цалкам самастойная, адказная за свае ўчынкі. Думаю, гэтаму “паспрыяла” і наша пастаянная з мужам занятасць (Вячаслаў Часлававіч Пякарскі працуе дырэктарам СШ №4 — аўт.). Адначасова з’яўляюся старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі дзяржаўных і іншых устаноў, і гэта пасада таксама патрабуе вялікай аддачы. У будныя дні вольнага часу амаль няма, часта ахвярую ім дзеля работы. Затое ў выхадныя цалкам прысвячаю сябе сям’і.

    — У сацыяльнай службе вы працуеце ўжо 7 гадоў. Ці лёгка далося рашэнне кардынальна змяніць прафесійную дзейнасць?

    — Калі мне прапанавалі ўзначаліць аддзяленне “кругласуткі” ў Лынтупах, доўга не раздумвала. Мне падабаецца развівацца, асвойваць новыя гарызонты, спрабаваць сябе ў новай справе. Тым больш што са школы са мной пайшлі мае верныя сябры. Яны сталі часткай новага калектыву, з якім было вельмі лёгка працаваць. А работы аказалася шмат: пракантраляваць будаў­ніцтва памяшкання і, што самае галоўнае, — яго добраўпарад­коў­ваць, рабіць сапраўды ўтульным домам. Уклалі шмат сіл, але мэты дасягнулі. Праўда, удасканаленню межаў няма. Дзе ні езджу, бяру з сабой фотаапарат або на тэлефон здымаю арыгінальныя кампазіцыі, клубмы, а потым разам стараемся іх увасобіць у жыццё на месцы.

    З навядзеннем парадку на тэрыторыі складанасцей не ўзнікала таму, што сама люблю кветкі, ды і наогул працу на зямлі. Гэта ўжо “дыягназ”. Летам ёсць хвілінка — адразу ў агарод.  Ніякай вясковай работы не баюся. Нават маю вадзіцельскія правы на кіраванне трактарам — як  гусенічным, так і колавым. Іх яшчэ ў школе атрымала. Так што  нідзе не прападу!

    — Якімі дэвізамі кіруецеся ў працы?

    —  “Адзін у полі не воін” і “Кадры вырашаюць усё”. Ключавы момант — работа з моладдзю, стварэнне перспектыўнага рэзерву. Не баюся ставіць маладых спецыялістаў на пасады, калі бачу, што яны да іх “дараслі”. Усё ж у іх іншыя падыходы да работы. Моладзь нясе новае, перадавое, ідзе ў нагу з камп’ютарным, тэхналагічным працэсам, за якім людзям старэйшага пакалення цяжка ўгнацца.

    Свой калектыў люблю і цаню, хоць і патрабую ад яго, як і ад сябе, шмат. Па-іншаму нельга. Пераканана, што будучыня залежыць ад намаганняў кожнага асобнага чалавека, яго працавітасці, ініцыятыўнасці. Любы рэгіён будзе развівацца, квітнець толькі тады, калі кожная галіна, кожны спецыяліст будзе працаваць з максімальнай аддачай.

    — Але ж ёсць і такі выраз — “Ініцыятыва караецца”. Што наконт гэтага думаеце?

    — Сказала б інакш. Любая ініцыятыва — гэта заўсёды рызыка. Таму некаторыя рашэнні прымаю доўга. Выдатна ўсведамляю, што адказнасць за канчатковы вынік ляжыць толькі на мне. Аднак важна і падтрымка вышэйшых органаў. У гэтым плане мне пашчасціла. Вельмі ўдзячна і начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто, і раённай выканаўчай уладзе, у тым ліку і за магчымасць рэалізоўваць праекты, прыўносіць у работу новае, нестандартнае.

    — Без якіх якасцей кіраўнік — не кіраўнік?

    — На мой погляд, важна ўмець думаць на перспектыву, не чакаць, што хтосьці дапаможа, а ва ўсім разлічваць выключна на сябе. Трэба быць добрым псіхолагам, паступацца не толькі сваім вольным часам, але і прынцыпамі. Калі начальнік будзе думаць найперш пра сябе і ўласную выгаду, то пра якія поспехі арганізацыі ў цэлым можна гаварыць?

    — Акрамя педінстытута, вы скончылі Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Чым запомнілася вучоба?

    — Гэта вельмі яркі момант майго жыцця. Акрамя ведаў, набыла шмат новых сяброў, з якімі да гэтага часу падтрымліваю сувязі. Там своеасаблівы кантынгент слухачоў, многа разумных і цікавых людзей, у якіх можна павучыцца, абмяняцца вопытам. Мне прапаноўвалі працягваць адукацыю ў магістратуры, але пакуль адмовілася. Аднак калі адчую патрэбу ў дадатковай адукацыі, самаразвіцці, абавязкова вярнуся ў Акадэмію.

    — Як адпачываеце ад працы?

    — Люблю басейн, аэробіку, але, на жаль, на іх не заўсёды хапае часу. Восенню “фанацею” ад грыбоў, летам — ад купання ў азёрах. Па знаку Задыяка я вадалей, і вада — гэта сапраўды мая стыхія, без яе сябе не ўяўляю. Выдатна “разгружаюць” і кнігі. Захапляюся тым, як піша наш зямляк, кіраўнік ад Бога Алег Адольфавіч Валодзька. Яго кнігі “Сын зямлі і неба”, “Кардыяграма вялікага сэрца” хочацца перачытваць зноў і зноў.

    — У тэрытарыяльны цэнтр часта прыязджаюць дэлегацыі з мэтай абмену вопытам. Любіце сустракаць гасцей?

    — Вельмі! Іх запрашаю пры любой магчымасці і раблю гэта абсалютна шчыра. Да нас прыязджалі калегі з Расіі, Швецыі, шматлікіх рэгіёнаў вобласці і краіны, высокія чыноўнікі. Падчас візіту ў іх ёсць магчымасць пазнаёміцца з горадам, яго багатай гісторыяй, гэта таксама свое­асаблівая рэклама. Люблю і сама адкрываць новыя мясціны. Па службовых абавязках неаднойчы ездзіла ў Швецыю. Цяпер пачынаем супрацоўніцтва з філіялам каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” у Празе. Вельмі добрыя адносіны скла­ліся з Літвой. Як члену калегіі камітэта па працы, зянятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама даводзіцца многа дзе бываць.

    — Ці стала для вас нечаканасцю прысваенне звання “Чалавек года Віцебшчыны”?

    — Так, і вельмі прыемнай. Хоць усё жыццё выступаю на сцэне, было вельмі хвалююча ў прысутнасці кіраўніцтва раёна і вобласці, шматлікіх гледачоў атрымліваць гэту ўзнагароду. Яна ніякім чынам не расслабляе, а наадварот абавязвае і далей працаваць з не меншым энтузіязмам, дасягаць новых вынікаў, апраўдваць высокую ацэнку.

     Ці ёсць у вас сапраўдныя сябры?

    — Так, і я вельмі даражу імі. Куды мы ў гэтым жыцці без сяброў? Чалавек, на мой погляд, і створаны для таго, каб камунікаваць. Галоўнае — быць шчырым, спагадлівым, умець ад душы радавацца чужым поспехам. Любіць людзей, прымаць іх такімі, якія яны ёсць, — гэта вялікі дар.

    У мяне такая пазіцыя: кожны чалавек унікальны, і колькі б у яго ні было недахопаў, знойдуцца і вартасці. Ёсць такі выраз: “Калі чалавек крывы ў профіль, паглядзіце на яго анфас”. Былі такія выпадкі, калі брала на работу ў аддзяленне ТЦСАН, здаецца, безнадзейных людзей, якія збочылі з правільнага жыццёвага шляху, але хацелі выправіцца. Дала ім шанц — і яны потым праявілі сябе з найлепшага боку. Ссячы з-за пляча прасцей за ўсё. У рабоце стараюся кожнага выслухаць, зразумець.

    — З кім працаваць лягчэй: з дзецьмі або пажылымі людзьмі?

    — Лёгка з усімі. Яны ўскладаюць на цябе аднолькава шмат надзей і аднолькава ўдзячны табе за праявы дабрыні. Пры рабоце ў цэнтры яна патрэбна асабліва. Пажылых людзей лечаць добрае слова і добры ўчынак. Матэрыяльныя каштоўнасці не робяць іх больш шчаслівымі.

    Трэба ўмець абсалютна бескарысліва дарыць людзям радасць і атрымліваць ад гэтага станоўчыя эмоцыі. Лічу, што кожны чалавек сам стварае сваю аўру. Добрыя людзі і ўчынкі, светлыя пачуцці — своеасаблівая сцяна для негатыву, які хтосьці хоча табе “падарыць”. Я ніколі не крыўдую на людзей, а мяняю да іх свае адносіны. Раўнадушша да непрыемнай сітуацыі, добры настрой — і ёсць перамога.

    — Хутка Новы год. Што папрасілі б у Дзядулі Мароза?

    — Я магу назваць сябе шчаслівым чалавекам. У мяне ёсць магчымасць рэалізаваць сябе як маці, жонка, кіраўнік. Папрасіла б, каб гэты стан захоўваўся, каб не пакідала вера ў сябе, па-ранейшаму было жаданне раніцай ісці на работу, а вечарам — вяртацца дадому.

     

    Автор: Іна СНЯЖКОВАПастаўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)