28 Марта, 2024 Четверг

З навагоднімі пажаданнямі росквіту нашай зямлі

  • 30 декабря 2015 Общество Беларуская 0

    Лагойскі раён, вядомы ў нашай краіне горна­лыжнымі цэнтрамі, нездарма называюць маленькай Швейцарыяй. Праўда, сёлетні бясснежны снежань (прабачце за таўталогію) не дазволіў падзівіцца бялюткімі схіламі журналістам рэгіянальных, рэспубліканскіх і расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, якія сабраліся ў Лагойску на выязную прэс­канферэнцыю старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта С.Б. Шапіры. Аднак праграма прадугледжвала нямала іншых цікавых сустрэч і знаёмстваў, якія на прыватных  прыкладах паказваюць, чым жыве і як развіваецца Мінская вобласць у цэлым.

    Між іншым, Міншчына, як адзначаў на прэс­канферэнцыі Сямён Барысавіч Шапіра, па большасці паказчыкаў сацыяльна­эканамічнага развіцця апярэджвае іншыя рэгіёны. Ужо зараз у асобных галінах дасягнуты нядрэнныя вынікі. У жывёлагадоўлі тэмп росту да папярэдняга года складае 110 працэнтаў, нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е сабраны нядрэнны ўраджай зерневых ­ 2 мільёны 177 тысяч тон. На 100­працэнтным узроўні вобласць па аб'ёмах вытворчасці ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы,  а  вось  валавы  рэгіянальны  прадукт   складае   99 працэнтаў. Гэта выклікана шэрагам фактараў, у першую чаргу змяншэннем аб'ёмаў аптовага тавараабароту.

    2015 год, вядома ж, не быў лёгкім. Аднак паняцце «цяжкі год», як адзначыў адказваючы на пытанне журналістаў старшыня аблвыканкама, адноснае. Так, сёння сітуацыя ў эканоміцы не з лепшых, невысокія заробкі. Але ў асноўным няма запазычанасці па зарплаце. Галоўная задача сёння ­ захаваць працоўныя калектывы. За апошнія гады рэалізавана больш за 170 інвестыцыйных праектаў, створана амаль 8 тысяч новых рабочых месцаў. У наступным годзе іх колькасць будзе павялічвацца за кошт уводу ў дзеянне новых прадпрыемстваў. «У некаторых прадпрыемстваў ёсць цяжкасці з рэалізацыяй прадукцыі. Лёс кожнага з іх ­ гэта наш штодзённы клопат. Галоўнае ­ не згубіць кадравы патэнцыял і не спыніць заводы. Адбываецца і паступовая дыверсіфікацыя прадпрыемстваў на новыя віды прадукцыі па новых тэхналогіях».

    Актыўна вядзецца ў вобласці і абнаўленне аб'ектаў сацыяльнай сферы. У многім гэтаму садзейнічае гаспадарчы спосаб. Сёлета на такія мэты было выдзелена 300 мільярдаў рублёў. Аднак работа не спынілася і пасля таго, як гэтыя грошы былі зрасходаваны. Таму з'явілася запазычанасць перад людзьмі, якія выконвалі рамонтныя работы.

    ­ На 2016 год для вядзення рамонту гаспадарчым спосабам устаноў сацыяльнай сферы, ­ паведаміў С.Б. Шапіра, ­ таксама будзе выдзелена 300 мільярдаў рублёў. І калі мы не знойдзем сродкаў на тое, каб разлічыцца з даўгамі за выкананую работу сёлета, з гэтай сумы прыйдзецца ўзяць тыя 80 мільярдаў рублёў. Неабходна, каб людзі атрымалі заробленыя грошы.

    Кіраўнік вобласці адзначыў, што ў цэлым з вядзеннем рамонтных работ гаспадарчым спосабам адбыліся кардынальныя змены.

    Бюджэт Мінскай вобласці ўвогуле на наступны год складзе 20 трыльёнаў рублёў. Плануецца, што на 2 трыльёны рублёў павялічыцца зарплата работнікаў бюджэтнай сферы.

    Ужо сёлета кансалідуецца 400 мільярдаў рублёў для раёнаў­пераможцаў, якія пакажуць найлепшыя вынікі. У ліку прэтэндэнтаў Лагойскі і Стаўбцоўскі раёны, але шанц стаць пераможцамі ёсць і ў іншых рэгіёнаў вобласці. Сярод паказчыкаў, якія будуць улічвацца пры падвядзенні вынікаў, аб'ём вытворчасці валавой прадукцыі, рост заработнай платы і іншыя. Памер выплаты за прызавыя месцы бу­дзе адпаведным. Гэтыя грошы дапамогуць вырашыць шэраг пытанняў у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, сацыяльнай сферы.

    Заслужаная пашана за работу неабходная раёнам, арганізацыям, людзям. Нядаўна ў Маладзечне адбылася сустрэча з ветэранамі сельскагаспадарчай галіны. Ёсць дамоўленасць, як адзначыў кіраўнік вобласці, наладжваць сустрэчы з ветэранамі працы перад усімі прафесійнымі святамі. Сёлета, акрамя ўзгаданай сустрэчы з заслужанымі людзьмі АПК, у Слуцку ўшаноўвалі ветэранаў да Дня настаўніка. Для іх гэта магчымасць пагаварыць з калегамі, успомніць працоўныя гады, абмеркаваць падзеі. У далейшым такія сустрэчы будуць пашырацца. Бо «нішто не каштуе так танна і не цэніцца так дорага, як увага». Гэту думку Сямён Барысавіч падкрэсліў неаднойчы, адзначыўшы, што і напярэдадні Новага года неабходна дайсці да кожнага дзіцяці, кожнага пажылога чалавека, павіншаваць іх са святам і ўручыць падарункі.

    Сапраўдным падарункам амаль кожны год становіцца адкрыццё ў раёнах спартыўных аб'ектаў, у ліку якіх і плавальны басейн у Беразіно. Сёлета зусім нядаўна адчынены новыя фізкультурна­аздараўленчыя цэнтры ў Чэрвені і Стоўбцах, лядовая пляцоўка ў Жодзіне, футбольнае поле са штучным пакрыццём у Слуцку. На чарзе завяршэнне ФОКа ў Валожыне. Такія аб'екты, на думку кіраўніка вобласці, павінны быць, нягледзячы на тое, што іх будаўніцтва падвяргаецца крытыцы з боку некаторых нашых грамадзян. Бо такія комплексы неабходныя для ўмацавання здароўя людзей. Толькі здаровая нацыя здольная вырашаць сур'ёзныя задачы.

    Рашэнне аб будаўніцтве новых такіх аб'ектаў будзе прымацца з улікам завяршэння распачатых. У планах таксама ўзвядзенне двух дзіцячых садкоў у Бараўлянах, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. У апошні час непазнавальна змяніліся Бараўляны, гэтак жа штогод бу­дзе добраўпарадкоўвацца па адным населеным пункце, дзе шмат праблем. У іх ліку Калодзішчы, Міханавічы, Самахвалавічы.

    У кожным раёне вобласці ставіцца задача перахо­дзіць на выкарыстанне мясцовых відаў паліва, замясціўшы ім прыродны газ. Драўніны ў нас дастаткова, распрацавана тэхналогія атрымання шчэпак. Будаўніцтва кацельняў на мясцовых відах паліва дазволіць эканоміць немалыя сродкі, якія ідуць на набыццё газу.

    Пэўную эканомію ў выкарыстанні паліва для ацяплення ўнесла сёлета надвор'е, якое штогод карэкціруе і работы на сельскагаспадарчых палетках. Таму цікавіла журналістаў, як з улікам такой карэкціроўкі складзецца пасяўная кампанія наступнага года.

    Можна па­рознаму адносіцца да надвор'я, як адзначыў С.Б. Шапіра, але неабходна прымаць яго такім, якое яно ёсць. З аднаго боку надвор' е нядрэннае, еўрапейскае. Аднак, расліны пачынаюць ажываць і, у выпадку моцных марозаў, калі не будзе снежнага покрыва, могуць быць пэўныя наступствы. Летась у вобласці загінула больш паловы плошчы азімага рапсу.

    У той жа час аграрыі вобласці ў наступным годзе плануюць атрымаць сельгаспрадукцыі на 10 працэнтаў больш, чым сёлета. Дзеля гэтага ўжо ўнесена больш за 3 мільёны тон арганікі, узарана 452 тысячы гектараў глебы, вядзецца назапашванне мінеральных удабрэнняў. На жаль, калі летась на гэты час было 32 тысячы тон азоту, сёлета толькі 6 тысяч тон. Таму неабходна збіраць грошы, якія паступаюць ад продажу мяса­малочнай прадукцыі, і часткова накіроўваць на закупку мінеральных тукаў.

     Адначасова ў вобласці вядзецца работа над паляпшэннем бялковых складальнікаў кармоў, адпрацавана тэхналогія падрыхтоўкі насення.

    Не ўпершыню журналісты ўзнялі пытанне будаўніцтва пад Барысавам сумеснага беларуска­кітайскага прадпрыемства па выпуску аўтамабіляў. Тут ёсць дамоўленасць абласной улады аб тым, каб на прадпрыемстве ў большай ступені працавалі нашы людзі. Новы завод будзе вырабляць кузавы і выконваць іх афарбоўку. Унутраная камплектацыя аўтамабіляў будзе з Кітая, а таксама з Беларусі ­ вядуцца перамовы аб тым, каб генератары, стартары і іншыя вузлы выпускаліся ў нас. Дзеля гэтага некаторыя заводы чакае дыверсіфікацыя.

    Адказаў старшыня аблвыканкама і на некаторыя іншыя пытанні журналістаў. У заключэнне, падзякаваўшы за работу, павіншаваў усіх з надыходзячым Новым годам і пажадаў, каб праца прыносіла радасць, а дома ўсіх чакалі любімыя і родныя людзі.

    Пераднавагодні настрой адчуваўся падчас сустрэч на лагойскай зямлі. Падрабязна журналістаў з раёнам знаёміў старшыня Лагойскага райвыканкама В.М. Каляда. Сёння раён, акрамя таго, што тут паспяхова развіваецца турыстычная галіна, прадстаўляюць каля тысячы   індывідуальных     прадпрымальнікаў,   65 сялянска­фермерскіх гаспадарак.

    З двума прыватнымі прадпрыемствамі пазнаёміліся     журналісты.     Адно    з      іх   ­     ТАА “Друкарская фабрыка “Поліпрынт”. Таварыства, як патлумачыла дырэктар В.В. Багачова, было заснавана ў 1992 годзе як прадпрыемства па выпуску этыкетачнай і ўпаковачнай прадукцыі для лёгкай прамысловасці. З цягам часу развівалася вытворчая база, якая дазволіла трывала замацавацца на рынку краіны, пачаць асваенне замежнага рынку. Зараз фабрыка мае поўны комплекс абсталявання, займаецца вытворчасцю для розных сфер дзейнасці і супрацоўнічае з многімі прадпрыемствамі прамысловасці, выпускаючы этыкетачную, маляўніча­выяўленчую, кніжна­часопісную прадукцыю. Сёлета аб’ёмы вытворчасці павінны скласці не менш за 125,7 працэнта да мінулага года.

    У наступным годзе, як паведаміла дырэктар, ёсць намер павялічваць аб’ём вытворчасці. Зараз распрацоўваецца пытанне па набыцці новага абсталявання, інвестыцыі павінны скласці не менш за мільён еўра. Прычым, гэта будуць уласныя сродкі прадпрыемства. Як заўважыла В.В. Багачова, яны рэдка карыстаюцца крэдытамі, укладваюць у развіццё заробленыя грошы.

    Актыўна развіваецца і сялянска­фермерская гаспадарка   “Цнянскія   экапрадукты”,     якую     ўзначальвае   У.Л. Адамовіч. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні і перапрацоўцы бульбы. Для яе доўгага захоўвання ўжо сёння маецца пяць агароднінасховішчаў на 35 тысяч тон, два з іх былі ўведзены ў дзеянне сёлета.

    А пачынаў кіраўнік гаспадаркі з уласнага дачнага ўчастка. “Атрымаў добры ўраджай і вырашыў працаваць у гэтым напрамку далей”, ­ заўважыў ён. У 2011 годзе пачынаючаму фермеру выдзелілі 300 гектараў зямлі, а ўжо сёлета для   далейшага     развіцця      гаспадаркі     перадалі    92 працэнты акцый стратнага ААТ “Косіна”. За прайшоўшы час у гэту гаспадарку інвесціравана больш за 40 мільярдаў рублёў. Акрамя таго, пабудавана лінія па перапрацоўцы маслічных культур, набыта абсталяванне для вытворчасці камбікорму. Ужо па выніках 2015 года валавы рост прадукцыі ААТ “Косіна” павінен скласці не менш за 170 працэнтаў.

    Развіваецца вырошчванне і перапрацоўка бульбы, дарэчы яе ўраджайнасць складае не менш за 400 цэнтнераў з гекатара. Для зручнасці пакупнікоў бульба мыецца, шліфуецца і ўпакоўваецца вагой ад 0,5 да 25 кілаграмаў. У снежні ўведзены цэх па глыбокай перапрацоўцы агародніны. Акрамя таго, гаспадарка плануе заняцца атрыманнем насення амаранта.

    Не абышлася паездка па Лагойшчыне без сустрэчы з мясцовымі Дзедам Марозам і Снягурачкай. Плёну, шчасця, удачы, міру, росквіту нашай зямлі – іх галоўныя пажаданні пад Новы год.

    Фота аўтара.

    Автор: Ала АЛЬФЕР.Бярэзінская панарама

Комментарии (0)