04 Мая, 2024 Суббота

Вось дык груз!

  • 25 января 2016 Общество Беларуская 0

    16 студзеня на пагранічны пункт спрошчанага пропуску “Мольдзевічы”  прыбыў унікальны груз — 50-метровая труба дыяметрам 6 метраў, вышынёй больш за 7, вагой 166 тон. 

    Яна прызначаецца для рэканструкцыі цэха слабай азотнай кіслаты на прадпрыемстве “Гродна Азот”. Праверкай і афармленнем дакументаў займаліся пагранічнікі старшы змены старшы прапаршчык Аляксандр Назаранка, прапаршчыкі Ангеліна Андрэйчык і  Марыя Кірплюк. Дзякуючы іх прафесійным дзеянням перасячэнне беларускай граніцы прайшло ва ўстаноўленым парадку.

    “Падарожжа” трубы пачалося з завода ў чэшскім Мельніку, адтуль абсталяванне сплаўлялася па Эльбе, потым па Балтыйскім моры ў порт Клайпеды. З 11 студзеня груз везлі па дарогах Літвы. Паколькі ён буйнагабарытны, яго суправаджалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі. За бяспеку на дарогах нашага раёна адказвалі старшы інспектар дзяржаўтаінспекцыі Андрэй Цымбалюк  і інспектар Віктар Гутар.

    — У нядзелю мы суправаджалі груз ад граніцы з Літвой да граніцы з Гродзенскай вобласцю, — расказваў Андрэй Іванавіч. — Труба займала практычна ўсю праезную частку. Канструкцыю перавозілі на 224 колах: цягач з платформай і ззаду магутны МАN на счэпе, які пры неабходнасці мог падштурхнуць груз пад гару. Вага «каравана» — 288 тон. Прадстаўнікі транспартнай кампаніі амаль год прапрацоўвалі маршрут, вывучалі кожны паварот, правяралі на трываласць усе аўтамабільныя масты. Займалася гэтай складанай лагістыкай каманда з Польшчы.

    У Літве груз назвалі самым буйнагабарытным і цяжкім у гісторыі аўтамабільных дарог. Там перыядычна прыходзілася дэманціраваць дарожныя знакі, навясныя мацаванні для святлафораў, адключаць электрычнасць. У нас клопатаў было менш. Аўтапоезд рухаўся з хуткасцю каля 30 кіламетраў у гадзіну. Аперацыя прайшла паспяхова.

    Найбольшая нагрузка ў гэты дзень прыйшлася на работнікаў  раёна электрычных сетак.

    — Звычайна перавозка такіх буйнагабарытаў арганізуецца праз пункт пропуску “Лынтупы”, — расказваў начальнік дыспетчарскай службы РЭСа Мікалай Ожаль. — Лініі электраперадачы па дарозе ў гэтым напрамку ў нас падрыхтаваны. На гэты раз у 36 месцах перасячэння правадоў з дарогай праводзіўся іх дэмантаж, а потым мантаж.  У некаторых месцах электраправады было дастаткова прыпадняць вышэй. Быў задзейнічаны 21 чалавек, 3 вышкі-пад’ёмнікі. На ўчастку Агароднікі—Мольдзевічы працавала брыгада Андрэя Лютынскага, у Вольсі — Аляксандра Дзехцяра, у Дашках, Драбышах — Максіма Ягорава, ад Загачча да граніцы з Мя­дзельскім раёнам адказнымі былі Юрый Саулевіч і Валерый Мігачоў. Кіраваў работамі галоўны інжынер Леанід Бараноўскі. Жыхарам названых і навакольных вёсак з васьмі раніцы амаль да трох гадзін дня прыйшлося быць без электрычнасці.

    «Падарожжа» трубы доўжылася 9 дзён. У аўторак яна  дастаўлена на “Гродна Азот”. Пэўны ўклад у бяспечнасць транспарціроўкі ўнеслі і адпаведныя службы нашага раёна.

    Автор: Анна АнішкевічПастаўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)