27 Апреля, 2024 Суббота

"Рубеж-2016" сабраў 20 каманд з усёй вобласці

  • 17 июня 2016 Общество Беларуская 0

    Сёмы год запар Івацэвіцкі раён прымае абласны турзлёт “Рубеж”. Турзлет літаральна “прапісаўся” на Вулькаўскім возеры і так сталася, што часцей за ўсё менавіта ён адкрывае чаргу падобных творчых і спартыўных мерапрыемстваў. 

    “Рубеж” – асаблівы турзлёт, бо збірае ў адну каманду такіх розных падлеткаў. Нагадаем, ідэя мерапрыемства ў сумесным удзеле ў ім “складаных” падлеткаў, тых, якія стаяць на розных відах уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, і выдатнікаў, на якіх звычайна раўняюцца іншыя. Дух спаборніцтва, вядома, яднае, а добры прыклад перавыхоўвае. І вучоба такая неабходная, бо, на жаль, не радуюць лічбы сёння. Як паведаміў намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Аляксандр Міраноўскі, павялічылася ў разы ў параўнанні з мінулым годам колькасць падлеткаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх Івацэвіцкага РАУС, гэта 62 чалавекі. Яшчэ 202 дзіцяці са 105 сямей складаюць спіс непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дадайце сюды яшчэ тых, хто “на карандашы” ў настаўнікаў, на так званым унутрышкольным уліку.

    У гэты раз нават прахалоднае надвор’е не спужала гасцей. 20 каманд з усёй вобласці і дзве каманды з абласнога цэнтра разбілі на Вулькаўскім возеры свае лагеры. Гэты турзлёт быў прысвечаны 75-годдзю гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, аб гэтым гаварыў падчас адкрыцця мерапрыемства намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каштанюк. Адсюль і навінка турзлёту – вечарам на пляцоўцы быў арганізаваны прагляд фільма “Брэсцкая крэпасць”. У астатнім жа мерапрыемства традыцыйнае. У першы дзень каманды спаборнічалі ў гульні ў валейбол, тут клас паказалі ігракі Баранавіцкага раёна, ім жа лепей за ўсіх далася і візітоўка, у конкурсе пачатковай турыстычнай падрыхтоўкі лепшай стала каманда г. Баранавічы. Івацэвіцкая каманда вызначылася ў конкурсе бівуакаў, у нас другое месца. Здзіўлялі сваёй сценгазетай журы зноў удзельнікі з г. Баранавічы, а вось паласа перашкод “на раз” далася мінулагоднім фаварытам, удзельнікам з Ганцавічаў. 

    Нягледзячы на традыцыйнасць конкурсаў, не пазбавіўся турзлёт інтрыгі, у апошнія хвіліны вызначыўся пераможца і гэта быў зноў Ганцавіцкі раён, сапраўдныя трыумфатары спаборніцтва былі прадстаўнікі Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы, у гэтых каманд другое і трэцяе месца адпаведна. Мы сярод 20 каманд сталі дзявятымі. Таксама добры вынік, але добра памятаюць падлеткі часы, калі мы трымалі кубак пераможцаў “Рубяжа”, а таму на наступны год у іх вялікія планы.

    У кожнага з нас заўсёды ёсць выбар. Ёсць ён і ў “складаных” падлеткаў, якія спаборнічалі на мінулым тыдні на Вулькаўскім возеры. Выбіраць ім: азірацца ў мінулае, дзе было месца неразважлівым учынкам, або глядзець у будучае, дзе спорт, творчасць і вучоба, любімая прафесія і шчаслівая сям’я.  

    Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

    Автор: Наталля ГЕРБЕДЗЬІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)