30 Апреля, 2024 Вторник

Ёсць і веды, і энтузіязм

  • 01 июля 2016 Общество Беларуская 0

    На тэрыторыі нашага раёна праводзіўся абласны семінар-вучоба з удзелам старшыні аблвыканкама Сямёна Шапіры. Сямнаццаць спецыялістаў-аграрыяў вобласці, якія ўключаны ў рэзерв кадраў на пасады кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый, азнаёміліся з работай шасці сельгаставарыстваў, якія параўнальна нядаўна ўзначалілі маладыя дырэктары – іх равеснікі.

    На пачатку мерапрыемства ўдзельнікаў семінара гасцінна віталі караваем на хлебасольнай агранёманскай зямлі. Затым быў прадэманстраваны дакументальны фільм аб Стаўбцоўскім раёне. Дырэктар ААТ «Агранёманскі» Уладзімір Жукаў расказаў аб выніках работы таварыства, якое ён узначальвае. У гаспадарцы развітая раслінаводчая галіна, ураджай збожжавых сёлета плануецца атрымаць не меншы за ўзровень мінулага года – звыш 56 цэнтнераў з гектара. З цікавасцю слухалі маладыя людзі як літаральна за год палепшыліся справы ў жывёлагадоўчай галіне – штодзень валавы надой малака складае 30 тон. За кошт укаранення новых тэхналогій змяншаецца сабекошт ялавічыны. Удасканальваецца структура кармавых угоддзяў.

    У СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» наведалі МТФ «Апечкі». Тут вядзецца маштабная рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, узводзяцца новыя кароўнікі. Добраўпарадкуецца тэрыторыя. Умацавана дысцыпліна, паступова пагашаюцца даўгі. Укладваюцца інвестыцыйныя сродкі. І ўвогуле сельгаставарыства падымаецца ў рэйтынгавай табліцы. Зразумела, ёсць цяжкасці, але кіраўніцтва спраўляецца.

     – Гэта гаспадарка заўжды была самай фінансава праблемнай, – зазначыў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, – таму было прынята рашэнне далучыць яе да райаграсэрвіса. І гэта дало станоўчы вынік. У тандэме працуюць два ініцыятыўныя маладыя  кіраўнікі-аднагодкі Сяргей Мельнік і Аляксандр Дударэвіч.

    Папраўляюцца справы ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Дзераўное», якія ўзначалілі Віктар Худніцкі і Юрый Тарасевіч – абодва раней працавалі ў Нясвіжскім раёне. Не пабаяліся заняць пасады дырэктараў у такіх адстаючых сельгаставарыствах, як ААТ «Рочавічы» і «Радзіма Дзяржынскага», Дзмітрый Вашкевіч і Васілій Лаўрашчук. Усе маладыя  дырэктары  знайшлі кантакт з людзьмі, дапамагаюць адзін аднаму ў вырашэнні надзённых пытанняў, бо разумеюць, што працуюць адной камандай.

    Наведалі ўдзельнікі семінара і ДУА «Дзераўнянская сярэдняя школа». Установа адукацыі заключыла дагавор з Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэтам, тут арганізаваны вочна-завочныя курсы для падрыхтоўкі да паступлення на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. За гады супрацоўніцтва скончылі ўніверсітэт больш за 70 былых выпускнікоў. Многія з іх вярнуліся працаваць у раён.

    – Сельгаспрадпрыемствам, улічваючы вастрыню праблемы кадраў на вёсцы, важна падтрымліваць цесную сувязь са школамі, – дадаў старшыня райвыканкама Юрый Горлаў. – Юнакоў і дзяўчат трэба зацікавіць выбраць вясковую прафесію, якая заўжды запатрабаваная. Выкарыстоўваць пры гэтым розныя метады. Адзін з іх – запрашаць да сябе выпускнікоў сельскагаспадарчых навучальных устаноў  для азнаямлення з матэрыяльнай базай і ўмовамі работы.

    Як адзначыў старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра, месца правядзення семінара выбрана невыпадкова. Раён развіваецца, і яшчэ нядаўнія рэзервісты, якія былі назначаны на працягу года на пасады кіраўнікоў, паказалі, што яны здольныя вырашыць пастаўленыя кіраўніцтвам краіны задачы, акрэсленыя на V Усебеларускім народным сходзе.

    – Мы задаволены, выбар зроблены правільны, і сёння маладыя дырэктары плённа працуюць, – сказаў губернатар. – Накіраваны сюды на пасады ў гаспадаркі і перспектыўныя маладыя кадры з іншых раёнаў. На Стаўбцоўшчыне практычна завершана фарміраванне  ўпраўленчага патэнцыялу ў аграпрамысловым комплексе. Глыбока упэўнены, што ў бліжэйшы час дынаміка работы раёна будзе толькі паляпшацца. А вынікі ўжо відавочныя, і гэта напрамую звязана з назначэннем на пасаду старшыні райвыканкама Юрыя Горлава.

    Па словах старшыні аблвыканкама, жаданне быць кіраўніком, самарэалізавацца, праявіць сябе, ёсць у многіх сённяшніх галоўных спецыялістаў сельгаставарыстваў, якія стаяць у рэзерве кадраў. У сваім памкненні яны будуць падтрыманы ўладай. Падчас шчырай размовы за круглым сталом Сямён Барысавіч падкрэсліў, што з прыходам на пасады маладых кіраўнікоў справы ў гаспадарках паляпшаюцца. І сёння тэндэнцыя ў кадравай палітыцы накіравана менавіта на моладзь. 

    – Патрэбны разумныя, ініцыятыўныя, з развітым інтэлектам людзі. І галоўную ролю тут адыгрываюць не столькі прафесійныя веды, колькі ўменне прыстасоўвацца да тых перамен, якія адбываюцца ў свеце, – дадаў Сямён Шапіра. – За апошнія дзесяцігоддзі многае змянілася, другім стаў светапогляд. На новы ўзровень выходзіць тэхнічны прагрэс. Таму трэба вывучаць, пераймаць перадавы вопыт і ўкараняць у вытворчасць новыя сучасныя тэхналогіі. Энергія маладых і мэтанакіраваных кіраўнікоў тут якраз дарэчы, бо ім будаваць будучую квітнеючую Беларусь.

    Губернатар пагутарыў з кожным з будучых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і падпісаў загады аб назначэнні на пасады.

    Ад імя маладых кіраўнікоў раёна выступіў дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргей Мельнік, які падзякаваў старшыні аблвыканкама за аказаны давер і паабяцаў, што маладыя кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Стаўбцоўшчыны не падвядуць і ў далейшым, апраўдаюць ускладзеную на іх надзею.

    Для ўдзельнікаў семінара была арганізавана экскурсія ў дзяржаўную ўстанову культуры «Музей-сядзіба „Дзяржынава“.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Надзея БАТАЛКАПрамень
    Теги: 

Комментарии (0)