26 Апреля, 2024 Пятница

Ад першай дэталі да дынастыі

  • 26 сентября 2016 Общество Беларуская 0

    Філіял ААТ «ККХ „Мінскі маторны завод“ у г. Стоўбцы адносіцца да самых буйных прадпрыемстваў раёна. Сёння ён дае работу і сацыяльныя гарантыі каля 1200 работнікам, жыхарам не толькі райцэнтра, а і навакольных вёсак. За больш чым два дзясяткі гадоў, як філіял пачаў сваю дзейнасць, „завадская прахадная“ ўжо вывела ў людзі не адно пакаленне, аб чым сведчыць значная колькасць моцных працоўных дынастый. І лік іх з кожным годам павялічваецца.

    Па прыкладзе бацькоў на прадпрыемства прыходзяць іх дочкі, сыны, каб працягваць лепшыя завадскія традыцыі. Ад іх завод маладзее, а ў бацькоў з'яўляецца дадатковы стымул уплываць на яго будучыню, працаваць самааддана, каб у дзяцей заўсёды быў стабільны кавалак хлеба.

    Так, разам з бацькамі, Галінай і Леанардам Тумановічамі, працуюць двое іх сыноў, Павел і Аляксей. Таксама і ў Алены і Генадзя Сачукоў, побач з якімі – іх сыны Марат і Яўген. Сярод стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў трое Макоўскіх – Ірына і двое сыноў, Яўген і Аляксандр. Варта назваць і іншыя дружныя сем'і машынабудаўнікоў: Людміла, Вячаслаў і Арцём Панфіленкі, Святлана і Андрэй Барысенкі, Святлана і Павел Жыбулі, Станіслаў і Яўген Кучынскія, Віктар і Аляксандр Петрачэнкі, Валерый і Ігар Рэцкія, Міхаіл і Андрэй Зоткіны, Алег і Аляксей Пасынковы, Галіна Рубін і яе дачка Алена Рабава, Леанід і Максім Пархімовічы. 

    З адной з сямейных дынастый, пачынальнікам якой з'яўляецца Аляксандр Саракач, з 2006 года – ганаровы ветэран завода, мы бліжэй пазнаёміліся ў вытворчых цэхах.

    На філіяле – трое Саракачоў     

    Саракачоў на філіяле трое. Аляксандр Сцяпанавіч, яго жонка Антаніна Іосіфаўна і іх сын Дзяніс. Адзіны сын у бацькоў – з падкрэсленай інтанацыяй заўважаюць у аддзеле кадраў. Гэта сказана, каб падкрэсліць: дзе яшчэ знайсці больш верную заводу сям'ю?..

    Сумненняў у гэтым ніякіх, асабліва пасля сустрэчы з Дзянісам, самым маладым прадстаўніком дынастыі. Камунікабельны, усмешлівы, ён не хаваў задаволенасці сваім жыццёвым выбарам. І яшчэ радасць вялікая здарылася ў гэтым месяцы ў яго маладой сям'і – жонка Вольга нарадзіла яму трэцюю дачушку, Стэфанію. „Цяпер мне працаваць і працаваць“, – паўжартам сыпле Дзяніс, заўсёднік турысцкіх злётаў і мастацкай самадзейнасці на заводзе і надзвычай сур'ёзны рыбак, калі асэнсоўвае сваю новую ролю шматдзетнага таты. Асаблівымі пачуццямі поўніцца ад гэтага і сэрца матулі Дзяніса: „Няма ў мяне дачкі, дык сын падарыў тры ўнучкі!“ Паколькі бацькі і сям'я сына жывуць асобна, то акурат на рабоце і адбываецца большасць кантактаў паміж блізкімі людзьмі. Цяпер Дзяніс знаходзіцца ў чарговым водпуску, і Антаніна Іосіфаўна прызнаецца: „Ужо сумую… Не хапае сынавага: “Мамулік, прывітанне!»

    Вось такая лірычная перадгісторыя сям'і машынабудаўнікоў. Дзяніс Саракач, скончыўшы школу, прыйшоў на філіял вучнем рэзчыка, чым фактычна скапіраваў лёс бацькі. У 1980 годзе Аляксандр Сцяпанавіч выбраў Мінскі маторны завод і быў таксама прыняты ў вялікі калектыў вучнем. З цікавасцю асвойваў станкі, вытворчасць. Стаў высокакваліфікаваным наладчыкам. У 1993 годзе, калі ў Стоўбцах ствараўся філіял маторнага завода, быў пераведзены на працу сюды. Менавіта Аляксандру Саракачу выпала ганаровая місія – атрымаць на новым заводзе першую дэталь. Гэтая гістарычная падзея засведчана натарыяльна, аб чым і сёння нагадвае спецыяльны стэнд. Чытаем на ім імёны «першапраходцаў»: наладчык Аляксандр Саракач, майстар аўтаматнага ўчастка Аляксандр Данчык, аўтаматчык аўтаматнага ўчастка Віктар Дашкевіч, кантрольны майстар Галіна Мяцельская (ажыццявіла прыёмку прадукцыі).

    У 1994 годзе, услед за мужам, з Мінска прыехала і жонка Аляксандра Саракача. Антаніна Іосіфаўна раней працавала на Інтэграле з мікрасхемамі, а ў Стоўбцах пайшла на завод кладаўшчыцай інструментальнага аддзела. Вывучыла ўвесь інструмент (яго наменклатура – каля васьмі тысяч найменняў), які штодзень выдае работнікам розных падраздзяленняў завода. Так склалася, што апошнім часам ёй прыходзіцца выконваць гэтыя абавязкі адной, без напарніцы, але ўсё роўна спраўляецца.

    – За столькі гадоў мы прыкіпелі да завода, да Стоўбцаў. Калектыў падабраўся нядрэнны. Я ўжо на заслужаным адпачынку, але з ахвотай іду на  працу. У нашай сям'і галоўнае свята пасля дзён нараджэння – Дзень машынабудаўніка, –  гаворыць Антаніна Саракач.

    У размове з гэтай працоўнай дынастыяй звяртаю ўвагу на так бы мовіць «спецыялізацыю» кожнага: у Аляксандра Сцяпанавіча пераважаюць дэталі, у Антаніны Іосіфаўны – інструмент, у Дзяніса – метал, паколькі працуе рэзчыкам металу, на што Дзяніс рэагуе па-свойму: «Тата не толькі дэталі наскрозь бачыць, як рэнтген. Ён прафесіянал ва ўсім!»

    Сапраўды, прафесіяналізм Саракача-старэйшага, які апошнія 18 гадоў працуе   начальнікам планава-дыспетчарскага бюро, добра вядомы на розных узроўнях. Калі рыхтаваўся гэты матэрыял, выпала стаць сведкай віншавання на заводзе ветэрана машынабудаўнічай галіны, своеасаблівага «рухавіка» гэтага прадпрыемства з дня яго заснавання Вікенція Шутава. Дырэктар Анатоль Молчан і ўся цяперашняя каманда завода віншавалі Вікенція Іванавіча з 80-годдзем. Была цёплая сустрэча, аздобленая экскурсіяй юбіляра (у былым – галоўнага інжынера) па заводзе, з агульным здымкам на памяць… Вікенцій Іванавіч дзяліўся сваімі ўражаннямі і, у адказ на мой водгук пра дынастыю Саракачоў, прызнаўся: «Аляксандр Саракач быў маім любімым наладчыкам. Дзякуючы яму і спецыялістам такога класа, як ён, на філіял перайшлі з галаўнога завода лепшыя вытворчыя традыцыі».  

    Магчыма, намякне нехта, што Саракачу-малодшаму працаваць на заводзе прасцей, чым каму іншаму. З боку матулі – падтрымка. Бацька – бясспрэчны аўтарытэт, ды і знаходзіцца сын у ягоным падначаленні… Дзяніс, які на заводзе амаль 10 гадоў, ужо і сам заслужыў уласную марку – мае званне лепшага рабочага па выніках працоўнага спаборніцтва.    

    НА ЗДЫМКАХ: дырэктар філіяла ААТ «ККХ „Мінскі маторны завод“ у г. Стоўбцы Анатоль Молчан віншуе з 80-годдзем ветэрана завода Вікенція Шутава; працоўная дынастыя Саракачоў.

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)