02 Мая, 2024 Четверг

Яднанне турызмам

  • 20 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    Чалавек ад прыроды цікаўны. Падарожнічаць па розных мясцінах, наведваць музеі, выставы, міжнародныя культурныя і спартыўныя мерапрыемствы па ўсім свеце любяць і ў Расіі, і ў Беларусі.

    Такое захапленне таксама можа быць карысным для развіцця міждзяржаўных кантактаў на самым дэмакратычным кірунку зносін – турысцкім. І патэнцыял гэтай своеасаблівай “цаглінкі” для будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі задзейнічаны не напоўніцу. Да турысцкага вектара ў зносінах  краін-суседак у чарговы раз звярнуліся ўдзельнікі  пасяджэння пастаянна дзеючага семінара пры Парламенцкім сходзе па пытаннях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Абмеркаваць жа тэму “Праблемы і перспектывы развіцця турызму ў Саюзнай дзяржаве” вырашылі на Брэстчыне.

    Наша вобласць невыпадкова стала месцам правядзення 47-га пася-джэння пастаянна дзеючага семінара парламентарыяў. У рэгіёне знаходзіцца шмат цікавых для падарожнікаў аб’ектаў, у тым ліку і такіх, якія ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны. Цікавасць у турыстаў выклікаюць розныя гістарычныя мясціны, экспазіцыі музеяў, свае паслугі прадастаўляюць аграсядзібы. Як адзначыў на адкрыцці семінара намеснік старшыні аблвыканкама Алег Вялічка, прыгранічнае, транзітнае становішча Брэсцкай вобласці на мяжы з Еўрасаюзам і перасячэннем розных транспартных магістраляў – гэта адзін з фактараў, які рэгіён павінен скарыстоўваць для развіцця турыстычнай галіны.

    Двухдзённы семінар атрымаўся інфарматыўным. На ім закранулі шырокае кола пытанняў, якія тычыліся турысцкага патэнцыялу Беларусі і Расіі – ад рынку турыстычных паслуг у Саюзнай дзяржаве і асаблівасцей заканадаўства ў гэтай сферы да навукова-адукацыйнага патэнцыялу турыстычнай індустрыі і дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў ёй. На значнасць тэмы звярнула ўвагу Алена Афанасьева, старшыня камісіі Парламенцкага сходу па сацыяльнай палітыцы, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях, член камітэта Савета Федэрацыі па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Расійскай Федэрацыі. “У Асноўных накірунках перспектыўных задач на 2014-2017 гады  Парламенцкага сходу ёсць спецыяльны раздзел. Таму мы і звяртаемся да тэмы турызму як да сферы, якая закранае сацыяльныя інтарэсы грамадзян Расіі і Беларусі”, – сказала Алена Уладзіміраўна і вылучыла адной з важнейшых задач – 

    стварэнне такіх умоў для развіцця ўязнога турызму, каб зрабіць Саюзную дзяржаву цікавай для замежных падарожнікаў. Ды і ў развіцці турысцкіх кантактаў паміж дзвюма дзяржавамі ёсць шэраг не вырашаных канчаткова пытанняў. Магчыма, актывізаваць дзейнасць у гэтай сферы дапаможа вопыт беларусаў па правядзенні тэматычных гадоў. У прыватнасці, Алена Афанасьева агучыла ідэю абвяшчэння 2018-га Годам турызму ў Саюзнай дзяржаве. “У прафесійнай супольнасці і грамадзян з’явіцца магчымасць рыхтавацца да розных мерапрыемстваў. У той жа час мэта такіх мерапрыемстваў – пазнаваць, вывучаць, абменьвацца вопытам”, – заўважыла Алена Афанасьева.

    Увогуле, на семінары прагучала шмат прапаноў, рэалізацыяй якіх можа заняцца Саюзная дзяржава. Самая глабальная – стварэнне адзінай турысцкай прасторы. Высветлілася, што расіяне ды беларусы мала падарожнічаюць у межах Саюзнай дзяржавы. Даволі часта гэта праблематычна з-за фінансавага пытання. Магчыма, транспартнікі маглі б скарэкціраваць падыходы да кошту праезду турыстычных цягнікоў. Для прыцягнення турыстаў шырэй трэба распрацоўваць тэматычныя турысцкія прадукты, якія будуць адрасаваны канкрэтнай аўдыторыі. Напрыклад, многія выступоўцы гаварылі аб патэнцыяле патрыятычнага турызму, які дапаможа перадаць маладому пакаленню не толькі гістарычныя звесткі пра тую ці іншую мясцовасць, а пакажа адзінства гісторыі, культуры, традыцый і воінскай славы Расіі і Беларусі. Дэпутаты Парламенцкага сходу могуць узняць пытанне аб стварэнні  маршруту “Брэсцкая крэпасць – Валгаград” з наведваннем знакавых аб’ектаў за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. 

    Каля 25 тысяч замежных грамадзян штогод атрымліваюць беларускія турыстычныя візы. Вопыт безвізавага ўезду на чэмпіянат свету па хакеі адзначаны многімі спецыялістамі турыстычнай індустрыі. Прадстаўнікі турбізнесу выказваліся за далейшае спрашчэнне візавых працэдур. Гэта, на іх думку, бу-дзе прывабным бонусам прапанаваных кліентам турыстычных прадуктаў. Трэба разумець, што ў замежных турыстах зацікаўлены і беларусы, і расіяне. Таму калі паміж дзвюма краінамі ў перамяшчэнні абмежаванняў няма, дык для замежнікаў немагчымасць камфортнага ўезду ў адну краіну Саюзнай дзяржавы праз другую часта становіцца падставай для змены маршруту турыстычнай вандроўкі. І тут, на думку парламентарыяў, ёсць над чым працаваць Парламенцкаму сходу – уніфікацыя беларуска-расійскага заканадаўства працягваецца.

    Сярод выказаных пажаданняў – пашырэнне адукацыйных кантактаў паміж выкладчыкамі і студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін, якія рыхтуюць спецыялістаў у галіне турызму. Калі выкладчыкі яшчэ ўдзельнічаюць у канферэнцыях, абменьваюцца матэрыяламі для публікацыі ў навуковых зборніках, то студэнты застаюцца па-за актыўным працэсам супрацоўніцтва. Больш за тое, грунтоўнага падручніка па турызме няма. Таму да месца была прапанова расійскага боку стварыць сумесна з беларускімі калегамі такі падручнік, а таксама ўвесці практыку абмену студэнцкімі групамі для навучання. 

    Цікавасць расійскія ўдзельнікі пасяджэння выказалі да вопыту нашага рэгіёну  ў развіцці аграэкатурызму. Патэнцыял вясковых сядзіб прадставіў кіраўнік грамадскага савета па развіцці аграэкатурызму ў Брэсцкай вобласці Георгій Грыбаў. 

    Прынамсі, як заўважыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Базанаў, гасціннасць Саюзнай дзяржавы не выклікае сумненняў, а таму трэба развіваць турыстычную індустрыю як па ўнутраным турызме, так і па знешнім.

    Автор: Святлана ТAБОЛIЧНародная трыбуна
    Теги: 

Комментарии (0)