20 Апреля, 2024 Суббота

"Дом з відам на возера"

  • 22 ноября 2016 Общество Беларуская 0

    Так жыхары мікрараёна негалосна “ахрысцілі” 60-кватэрны дом, які ўзводзяць будаўнікі Жабінкаўскай ПМК-10. Шматпавярхоўка ўдала “ўпісалася” на беразе рэчкі Жабінка, непадалёку ад першай гарадской школы, і прыгожа адлюстроўваецца ў водах возера гарадскога парку. У гэтыя дні ўцяпляецца фасад, устанаўліваюцца шклопакеты, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Згодна з планам, будаўнічая арганізацыя абавязана здаць аб’ект ужо ў наступным месяцы. Так што многія навасёлы пад Новы год змогуць атрымаць ключы ад доўгачаканых “квадратных метраў”.

    Чым адрозніваецца гэты дом ад шматпавярховых сабратаў, расказвае майстар ПМК-10 Ілля Макарэвіч:

    – У здаваемым намі будаўнічым аб’екце з трыма пад’ездамі налічваецца 60 кватэр – па чатыры на кожнай пляцоўцы. Тут ёсць 5 – трох-, 30 – двух- і 25 – аднапакаёвых кватэр.

    Дом узведзены па чарцяжах ДУПВП “Інстытут БрэстБудПраект”. Лічу, праект неблагі, кватэры даволі зручныя. Плошча іх ад 37,9 квадратнага метра (аднапакаёвыя кватэры) да 74,6 (трохпакаёвыя). Ну, а ўтульнымі іх зробяць самі навасёлы.

    Чым яшчэ адметны дом? Апошнія некалькі гадоў у Жабінцы ўзводзілі жыллё з пакватэрным газавым ацяпленнем, а гэтая “60-ка” падключана да цэнтральнага абагрэву. Дарэчы, газу ў гэтым доме таксама няма, гатаваць гаспадыні будуць на электрычных плітах. Кватэр з аддзелкай “пад ключ” тут не будзе. Навасёлы атрымаюць сваю мару толькі з чарнавой аддзелкай, сцяжкай на падлозе і атынкаванымі сценамі. Дарэчы, пра сцены. Многіх, мабыць, здзівіць той факт, што сцяны-перагародкі паміж кухняй і сталовай у новым доме таксама не будзе. Такім чынам, будучым жыльцам даецца магчымаць адчуць сябе дызайнерамі і самім вырашыць, у якім месцы яе ўстанавіць, тым самым самастойна ўплываць на памер кухні і сталовай.

    Дом гэты будзе вельмі цёплы: усе цагляныя сцены абкладзены тоўстым слоем уцяпляльніка.

    Немалаважным для будучых навасёлаў лічу і месцазнаходжанне шматпавярхоўкі: побач школа, дзіцячы сад, бібліятэка, бальніца, магазіны. Адпачыць ад гарадской мітусні можна ў парку, выкупацца ў возеры – да іх, балазе, літаральна некалькі крокаў.

    …Вельмі хутка з агароджанай тэрыторыі з’едуць будаўнічыя вагончыкі і пад’ёмныя краны, сціхне гоман увішных будаўнікоў. На змену ім у кватэрах будуць шчыраваць навасёлы.

    Автор: Святлана БЯЛЯКСельская праўда

Комментарии (0)