19 Апреля, 2024 Пятница

Матуля, пусці ў інтэрнэт!

  • 21 января 2017 Общество Беларуская 0

    Прайшоў незваротна той час, калі дзеці прасіліся пагуляць на вуліцу, схадзіць у лес або на рэчку. Памятаеце пару нашага дзяцінства? «Мамачка-галубка! – просіць сын так міла. – Можа б, ты на рэчку пагуляць пусціла?» Гэтыя радкі Якуба Коласа вучылі ў школе на памяць і з задавальненнем знаходзілі ім прымяненне ў штодзённым жыцці. Мы гулялі са сваімі равеснікамі на вуліцы да цёмнага ў любую пару года, і бацькам было нас не дазвацца.

    Іншы час – абсалютна іншыя і «санкі». Высокатэхналагічны інтэрнэт адарваў юнае пакаленне ад вуліцы і "ўсадзіў" у чатырох сценах.  Бацькам гэта таксама не падабаецца, але ёсць адзін казырны аргумент: дзіця знаходзіцца дома, пад наглядам, не бадзяецца невядома дзе і з кім.

    Сапраўды, дзіця нібыта і на вачах, аднак інтэрнэт – зусім не бяскрыўдная цацка. Віртуальная прастора, сацыяльныя сеткі – гэта бяздонная і неабмежаваная (хіба што толькі неаплачаным трафікам) стыхія, у якой кругласутачна кіпіць сваё жыццё. І адбываюцца там не толькі забавы, гульні, а і, на жаль, махлярствы, падман і іншыя брудныя рэчы.

    Адно з негатыўных праяўленняў віртуальных кантактаў – поўная бескантрольнасць выказванняў, праяўлення эмоцый. Проста «модным» у падлеткаў стала абзываць адзін аднаго ў інтэрнеце. Нешта не спадабалася, нехта не адказаў узаемнасцю – атрымай у свой адрас абразлівы лайк. Нібыта гуляюць у снежкі, кідаюць яны адзін у аднаго непрыгожыя і нават нецэнзурныя словы, пасылаюць як мага далей на ўвесь інтэрнэт. Адзін і сапраўды  прапусціць гэтую абразу міма вушэй, іншы не пацерпіць і звернецца з заявай у міліцыю. А гэта падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы. У такім выпадку бацькі падлетка хапаюцца за галаву: адкуль што ўзялося? Іх ціхае спакойнае дзіця сядзіць за камп'ютарам, амаль не выходзіць з дому, а тут трэба адказваць на пытанні супрацоўнікаў міліцыі, членаў раённай камісіі па справах непаўналетніх па факце невыканання імі бацькоўскіх абавязкаў. І застаецца толькі здзіўляцца, што ўсё выглядае так сур'ёзна з пункту гледжання закона. 

    Шырокі рэзананс у Стоўбцах атрымала гісторыя, як група 15-гадовых дзяўчат пацярпела ад віртуальнага незнаёмца. Апошні пазваніў ім праз скайп і папрасіў даслаць уласнае відэаадлюстраванне ў… негліжэ. Калі ён атрымаў гэтае відэа, стаў распаўсюджваць яго ў сацыяльных сетках. Таксама дзесьці ў Расіі на падставе гэтага відэаматэрыялу стварыў ад іх імя інтэрнэт-старонкі…

    Для мамаў дзяўчынак гэта стала сапраўдным шокам! Некаторыя напісалі заяву ў міліцыю. Аднак знайсці гэтага зашыфраванага расіяніна, аматара падлеткавай парнаграфіі, не так і проста. Ва ўсякім выпадку спадзявацца на хуткі пошук яго не выпадае… Як найхутчэй трэба задаць пытанні сваім дзецям. Напрыклад, ці выходзяць яны на сувязь з незнаёмымі людзьмі? Чаму, вандруючы па інтэрнэце, не баяцца заходзіць так далёка? Чаму не расказалі бацькам пра тое, што здарылася?..

    Усё, што адбылося, варта ўспрыняць як жыццёвы ўрок. Бацькам трэба пільней прыгледзецца да сайтаў, на якія заходзяць іх дзеці. Відавочна, што справу гэтую нельга кідаць на самацёк.

    Па вопыце сваіх знаёмых ведаю, што найбольш частай мерай уздзеяння на сучасных дзяцей служыць абмежаванне ў карыстанні інтэрнэтам. А месяц, другі без выхаду ў сусветную павуціну – гэта ўжо сапраўднае выпрабаванне. Істотную дапамогу можа аказаць і падключэнне спецыяльнай паслугі – «Бацькоўскі кантроль». У абавязках бацькоў – перанакіраваць цікаўнасць сваіх дзяцей на іншы занятак, такі, напрыклад, як спорт, музыка і т. п.

    Для гэтага трэба больш увагі прысвячаць дзецям. Сёння, азірніцеся, сапраўды рэдка дзе ў жылым мікрараёне райцэнтра, аграгарадках можна пабачыць лыжню ці расслізганую малышнёй горку. А зімовы вадаём, «вымецены» клюшкамі дзетвары, – увогуле дзіва, якое трэба пашукаць. І наўрад ці знойдзеш. Пустуе ён, як ні крыўдна, не патрэбен. Чаму ў выхадны дзень не выйсці на каток разам з дзецьмі? Агульная забава і з'ядноўвае, і ўзаемны давер умацоўвае.   

    Асобная прапанова, якая можа зацікавіць падлеткаў, – сайт сацыяльна-педагагічнага цэнтра, які называецца «Давер». У выпадку, калі саромеешся ці баішся нешта расказаць бацькам, можна зайсці на гэты сайт і пагутарыць з псіхолагам, каб разам пашукаць выйсце з сітуацыі.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень
    Теги: 

Комментарии (0)