19 Апреля, 2024 Пятница

Наступны прыпынак Wi-Fi

  • 06 апреля 2017 Общество Русский 0

    Транспарт абсталяваны моцнымі роўтарамі, якія атрымліваюць сігнал праз 3G-сетку і затым раздаюць трафік па салоне. Гэты праект рэалізавалі ААТ «Гомельаблаўтатранс» і адзін з мабільных аператараў. У будучыні бясплатны Wi-Fi ў грамадскім транспарце можа з’явіцца і ў іншых гарадах вобласці.

    Пасажыр Крысціна Гарбачова пра бясплатны інтэрнэт даведалася толькі ад нас. У салоне аўтобуса не бачна ніякіх аб’яў і інструкцый, аднак кандуктар пацвярджае: Wi-Fi ёсць, шукайце. Крысціна згадзілася пабыць незалежным экспертам.

    — О, знайшла, здаецца! GomelAvto Free?

    Аўтобус, які ідзе па маршруце, некалькі разоў паварочвае, і Wi-Fi знікае. Хутка сетку ўдаецца злавіць зноў. Цяпер сігнал амаль максімальны. Браўзер на гаджэце аўтаматычна адкрывае старонку «Гомельаблаўтатранса» і патрабуе ўвесці нумар тэлефона. Гэта і ёсць працэс ідэнтыфікацыі. Па­ведамленне з кодам доступу пры­ходзіць імгненна. Крысціна ўводзіць яго і канцэнтруецца на смартфоне: няскончанай засталася размова ў сацсетках з сяброўкай Кацяй. Сігналу ха­пае і на паведамленні са смай­ламі, і на фотаздымкі з ад­па­чынку. Між іншым, сістэ­ма па­вінна забяспечыць устойлівы прыём незалежна ад таго, у якім месцы аўтобуса знаходзіцца чалавек. Нашай суразмоўніцы Крысціне яго хапіла яшчэ і на некалькі крокаў пасля выхаду з аўтобуса. Адначасова карыстацца інтэрнэтам могуць да 80 чалавек.

    Пакуль эксперыментальнай пляцоўкай абраны аўтобусны маршрут № 17 — адзін з самых працяглых у Гомелі. Ён перавозіць пасажыраў з аднаго канца горада ў іншы, з Медгарадка да мікрараёна Кленкаўскі. Роўтарамі абсталяваны 20 машын — дастаткова, каб запоўніць увесь маршрут нават у час пік.

    — У хуткім часе плануем паставіць роўтары яшчэ на 100 аўтобусах, — расказвае намеснік генеральнага ды­рэк­тара па перавозках Мікалай Ка­напліцкі. — Рабіць гэта бу­дзем паступова. На сайце прад­пры­емства размесцім апы­тан­­не: пасажыры павінны выка­зацца, якія аўтобусы, па іх мер­каванні, патрабуць Wi-Fi ў першую чаргу. У любым выпадку бясплатны інтэрнэт з’явіцца на самых папулярных і працяглых маршрутах.

    У перспектыве перавозчыкі плануюць увесці такую ж прак­тыку ў іншых буйных гарадах рэгіёна, у прыватнасці ў Мазы­ры, Жлобіне. А затым прыйдзе чарга і міжгародніх аўтобусаў. У кампаніі мабільнага аператара дадалі, што Гомель павінен стаць узорным прыкладам. Праверанае інавацыйнае рашэнне яны гатовы прапанаваць транспартным пе­равозчыкам па ўсей краіне. 3G-сеткай пакрыты амаль кожны куток краіны, таму рэалізаваць праект можна ў любым населеным пункце. Рашэнне толькі за пе­равозчыкам.

    Шмат у якіх гарадах свету бяс­платны інтэрнэт ужо даўно стаў неад’емнай часткай паса­жырскага транспарту. У нас магчымасць зрабіць гэта масавай з’явай існуе з канца верасня 2016 года. Тады Міні­стэр­ства сувязі і інфар­матызацыі ўключыла Wi-Fi-перадатчыкі ў пералік радыё­эле­ктронных прыладаў, якія не падлягаюць спецыяльнай рэгі­страцыі. Між іншым, большая частка паса­жыраў і без таго ў грамад­скім транспарце увесь час паездкі карыстаецца гаджэтамі. Гамяльчане ж цяпер будуць рабіць гэта бясплатна.

    Автор: Ольга ВАЛЬЧЕНКОРэспубліка

Комментарии (0)