26 Апреля, 2024 Пятница

Лепш адзін раз убачыць…

  • 28 апреля 2017 Общество Беларуская 0

    Каля сарака прадстаўнікоў турыстычнай сферы Паўднёвай Эстоніі (уладальнікі турагенцтваў, аграсядзіб, туркомплексаў, турферм) ў рамках рэкламнага тура наведалі нядаўна Мядзельшчыну.

    “ЧЫМ сто разоў пачуць,” — можна закончыць крылатае выказванне, якое выкарысталі ва ўдзячным слове кіраўніцтву раёна Кюллікі Пікк і Рэйн Орг — прадстаўнікі агенцтва па развіцці турызму і прадпрыемніцтва павета Валгамаа Паўднёвай Эстоніі пасля візіту на Мядзельшчыну. І дадалі, што “гэты раз пакінуў у нашых сэрцах жаданне зноў наведаць Беларусь”.

    Каля сарака прадстаўнікоў турыстычнай сферы Паўднёвай Эстоніі (уладальнікі турагенцтваў, аграсядзіб, туркомплексаў, турферм) ў рамках рэкламнага тура, арганізаванага Мінаблвыканкамам, у апошнія дні праграмы наведалі нядаўна наш край. Яны пазнаёміліся з дзейнасцю этнакультурнага комплексу “Наносы-Наваселле”, нацыянальнага парку “Нарачанскі”, некаторых санаторыяў. Аляксандр Сідарэвіч, дырэктар спартыўнага клуба “Ювента”, які суправаджаў гасцей, паведаміў, што Мінаблвыканкам прадставіў кіраўнікам са сферы турызму Паўднёвай Эстоніі магчымасць на свае вочы ўбачыць тое, пра што яны шмат чулі дома. Аляксандр Мікалаевіч расказаў, што Валгаскі павет, адкуль прыехалі госці, невялікі, аднак мае цікавыя адметнасці: выхад да знакамітага Чудскага возера, старажытны ўніверсітэт у г. Тарту, заснаваны шведскім каралём у пачатку 17 стагоддзя, міжнародны цэнтр зімовага спорту і турызму ў горадзе Атэпя. У туры па нашай вобласці іх перш за ўсё цікавяць база, магчымасці лячэння і індывідуальнага турызму. Тэндэнцыі апошняга часу — самабытны турызм. Таму яны звяртаюць увагу на ўсё. Ну а наколькі ўражанні аказаліся захапляючымі, расказалі самі ўдзельнікі турнэ.

    Генеральны дырэктар агенцтва па развіцці Валгаскага павета Рэйн Орг перш за ўсё адзначыў тое, што паміж эстонцамі і беларусамі, не гледзячы ні на што, вельмі шмат агульнага. Эстонцам падабаецца Беларусь. Сумна тое, што за апошнія гады жыхары краін аддаліліся адзін ад аднаго, нават “Чайка” (цягнік Талін — Мінск) ужо даўно не ходзіць. Таму кіраўнік агенцтва лічыць каштоўнымі гэтыя крокі па збліжэнні нашых народаў і выказвае ўпэўненасць у тым, што за іх аўтобусам паедуць і іншыя. Асабіста ён у Беларусі чацвёрты раз, але з ім прыехалі і тыя, хто тут упершыню. Некаторыя ўжо задаліся пытаннем, колькі ж будзе каштаваць прывезці сюды групу турыстаў. Звярнулі ўвагу эстонцы і на магчымасць бязвізавага наведвання нашай краіны. Два чалавекі з групы ў Беларусь ляцелі самалётам, каб паглядзець, як гэта працуе. “І гэта працуе! Супер! Што можа быць прасцей? Паказаў пашпарт — і ўсё! Ведаю людзей, якія збіраюцца такім чынам прыехаць у Беларусь,” — сказаў Рэйн і нават назваў такую ідэю годнай для пераймання.

    Што яшчэ давялося пачуць ад гасцей, якія, дарэчы, нядрэнна валодаюць рускай мовай? Яны ўразіліся чысцінёй і парадкам, якія ўбачылі па ходу свайго маршрута. Цікавым было пачуць і пра тое, што ўяўная карціна і рэальная крыху разышліся. Эстонцы шчыра здзівіліся ўбачанаму, таму з задавальненнем будуць раіць сваім землякам, якія яшчэ сумняваюцца, ехаць у Беларусь. На іх думку, тут ёсць што паглядзець.

    Автор: Іна ЯРЧАКНарачанская зара

Комментарии (0)