У пяціпавярховым доме прагрымеў моцны выбух, прычынай якога стаў бытавы газ. Абрынуўся адзін з пад'ездаў, узнік пажар. Пад заваламі — некалькі людзей. Тыя, каму пашчасціла аказацца на верхніх паверхах, выбеглі на дах і прасілі аб дапамозе. На месца падзей выехалі чатыры аўтамабілі ратаўнікоў, сярод якіх быў кінолаг. Пацярпелых аператыўна дасталі з-пад завалаў і разам з заблакіраванымі на верхніх паверхах эвакуіравалі на верталёце...
А праз некалькі хвілін з рэек сышла чыгуначная цыстэрна. Больш таго, яна часткова разбурылася, а з пашкоджанай ёмістасці пачаў выцякаць небяспечны рэагент. Тут жа да месца катастрофы прыбыло некалькі аўтамабіляў МНС, сярод іх была машына радыяцыйна-хімічнай абароны і цыстэрны. Месца здарэння тут жа было лакалізавана, а рэагент пачаў адпампоўвацца ў адмысловую ёмістасць. Ліквідаваць наступствы аварыі высадзіўся з верталёта Мі-8 дэсант ратаўнікоў...
На шчасце, усе гэтыя жахі адбываліся не ў рэальным жыцці. Такімі маштабнымі вучэннямі на палігоне аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі МНС «Светлы Гай», што пад Барысавам, завяршыўся V рэспубліканскі конкурс «Студэнты. Бяспека. Будучыня». Праводзіцца ён з мэтай фарміравання свядомага стаўлення да бяспечных паводзін і папулярызацыі здаровага ладу жыцця.
— Ратаўнікі пастаянна ўдасканальваюць сваё майстэрства, — адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка пасля заканчэння вучэнняў. — Мяжы дасканаласці, вядома, няма. Але можна адзначыць, што сёння ўсе падраздзяленні міністэрства маюць вельмі высокую падрыхтоўку і здольныя вырашыць усе задачы, якія перад імі пастаўлены. Гэта яны і дэманструюць у жыцці. Але асаблівы прыярытэт мы аддаём моладзі, таму што менавіта юнакі і дзяўчаты падхопяць прафесійную эстафету.
Чацвёрты раз запар конкурс выйграла каманда Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі.
— Сюды я прыязджаю другі раз, — кажа адзін з пераможцаў Віктар Бялоў. — Ідэі відэаролікаў, планы трэніровак — усё прыдумваем разам. Пра конкурс даведаўся ад хлопца, які ў гэтай камандзе ўдзельнічаў. Але і парог кваліфікацыі высокі — каб трапіць у каманду, давялося перамагчы дваццаць прэтэндэнтаў. Два мае браты служаць у МНС. І я збіраюся далучыцца да іх пасля таго, як скончу вучобу.
— Было нечакана, што нам пакажуць такія маштабныя вучэнні, — гаворыць Уладзіслаў Абламейка, студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. — Я жыву ў Наваполацку, побач з нафтаперапрацоўчым заводам. Самі разумееце, месца патэнцыйна рызыкоўнае. А што да конкурсу, то самыя цяжкія практыкаванні былі па фізічнай частцы, дзе трэба было бегчы, разгортваць шлангі, даставаць манекены. Але мне гэта моцна спадабалася.
Пасля вучэнняў месца дзеяння перамясцілася ў лекцыйную аўдыторыю, дзе і пачалі падводзіць вынікі конкурсу. Студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Яраслаў Еўтушэўскі перамог у намінацыі «Найлепшы студэнцкі праект аб бяспецы». Ён прадставіў работу «Зробім ваш дом бяспечным». Асновай для распрацоўкі стаў стары кнопкавы мабільны тэлефон, куды прымацавана ўсяго адна кнопка — SOS. Як кажа Яраслаў, прылада дапаможа людзям з абмежаванымі магчымасцямі выклікаць дапамогу, заадно апавясціўшы родных і сваякоў. Эксперыментальны ўзор прылады пратэсціраваў міністр па надзвычайных сітуацыях.
— У Беларусі створана дакладная сістэма бяспекі, — кажа міністр адукацыі Ігар Карпенка. — Вы ствараеце сабе дадатковую перавагу для выхаду на рынак працы, маеце актыўную грамадзянскую пазіцыю. Бо цяпер спецыяліст мусіць валодаць не толькі комплексам прафесійных ведаў, але і асабістымі якасцямі. Таму мы будзем усяляк падтрымліваць гэты конкурс.
Таксама адбыўся спецыяльны круглы стол, на якім студэнты маглі задаць усе хвалюючыя пытанні высокім гасцям. Навучэнцаў цікавіла многае — і студэнцкая маладосць, і хатнія абавязкі… Асобна была закранута тэма паводак на Палессі.
— Я помню падзеі 1999 года ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, — кажа начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч. — У народзе яе называлі «Востраў Куба». Там пражывае больш за тысячу чалавек, якія 18 гадоў таму аказаліся поўнасцю адрэзанымі ад «вялікай зямлі». Нават электрычнасці ў іх не было. Цяпер жа небяспекі такой сур'ёзнай паводкі ўжо не існуе ні для населены пунктаў, ні для сельгасугоддзяў. Але сказаць, што праблема цалкам сышла ў нябыт, нельга. Дамбы трэба падтрымліваць у належным стане. А ў гэтым шкодзяць бабры...
Акрамя таго, непадалёк ад палігона была ўрачыста адкрыта «Алея студэнтаў».
Комментарии (0)