04 Мая, 2024 Суббота

Па конях! Жалезных

  • 19 мая 2017 Общество Беларуская 0

    7 мая, напярэдадні свята Перамогі, у Паставах адбылося адкрыццё мотасезона-2017. На байк-злёт, які стаў ужо традыцыйным, у наш горад прыехалі больш за сотню ўдзельнікаў практычна з усёй Беларусі, а таксама з замежжа.

    Злёт ладзіўся ў райцэнтры ўжо ў чацвёрты раз. Арганізуе і праводзіць яго мясцовая суполка байкераў на чале з Раманам Жук’яном, якая аб’ядноўвае каля 40 чалавек. Праз спецыяльна створаныя тэматычныя групы ў “ВКонтакте” і “Вайберы” пастаўчане знаёмяцца і падтрымліваюць сувязь з аматарамі матацыклаў з іншых гарадоў і раёнаў. Самі ездзяць на розныя байк-фестывалі, запрашаюць сяброў па захапленні — а іх з кожным годам становіцца ўсё больш — да сябе. Вось і сёлета геаграфія прадстаўніцтва аказалася вельмі шырокай. Адкрыць мотасезон у Паставах прыехалі байкеры са Смаргоні, Ашмян, Мінска, Брэста, Гродна, Глыбокага, Докшыц, Вілейкі, Браслава, Слуцка, Мядзела і Нарачы. Быў сярод іх і замежны госць — жыхар Рыгі Томаш Казлоўскі, які вылучаўся сваёй адметнай знешнасцю і экіпіроўкай.  

    — У Беларусі і на Віцебшчыне ў прыватнасці я бываю даволі часта, паколькі тут, у Шаркаўшчынскім раёне, радзіма маіх продкаў, — зазначыў ён. — Маю шмат сяброў у Паставах, Глыбокім, іншых гарадах. З большасцю з іх пазнаёміўся на байкерскіх злётах у Лідзе, Гродне, Брэсце, якія стараюся не прапускаць. Ужо трэці год запар прыязджаю на ваш фестываль.

    Разглядаючы разам з іншымі гараджанамі, многія з якіх прыйшлі на цэнтральную плошчу цэлымі сем’ямі, брутальных хлопцаў у скураных куртках-“касухах” і іх жалезных коней усіх марак і мадэляў (асобныя былі нават цюнінгаваныя, з прымацаванымі ззаду флагамі байк-клубаў), заўважыла нямала дзяўчат у аналагічнай экіпіроўцы. Разгаварыўшыся, даведалася, што далёка не ўсе яны прыбылі на злёт са сваімі кавалерамі ў якасці пасажырак. Некаторыя самі маюць матацыклы і ўмела кіруюць імі. У ліку такіх мінчанка Ірына Працько, якая завітала ў наш горад з двума сябрамі. Байкерскі стаж у дзяўчыны ўсяго год, тым не менш яна паспела пабываць на некалькіх злётах і пазнаёміцца з іх удзельнікамі. Па словах Ірыны, байкерства — гэта зусім іншы, адрозны ад прывычнага нам, свет, які ёй вельмі даспадобы. Ён дорыць адчуванне свабоды і незалежнасці.

    Яшчэ адна ўдзельніца — Рэната Яфімава — прыехала з Астраўца Гродзенскай вобласці ў кампаніі знаёмых з Ашмян і Смаргоні.

    — Матацыклы мне падабаліся заўсёды, а байкерам я стала ў 2014 годзе, — расказвала яна. — На першы ў сваім жыцці мотафестываль у Смаргонь адпра­вілася на машыне, і мяне так захапіла байк-культура, што вырашыла на наступны фестываль абавязкова прыехаць на двух колах. Купіла шасцісоты “Сузукі-Бандзіт”. Але аказалася, утаймаваць яго не так проста: калі ўпершыню села за руль — звалілася. Прыйшлося пайсці вучыцца ў моташколу ў Мінску.

    Затое цяпер Рэната можа даць фору многім байкерам-мужчынам. Летась на матацыкле накалясіла па Беларусі 8 тысяч кіламетраў. Пабывала ў Баранавічах, Слуцку, Быхаве, іншых гарадах. Кажа, што ездзіць не толькі на злёты, любіць падарожнічаць па краіне. З гэтай мэтай годам раней наведала Полацк, Паставы і Пастаўскі раён. Але пра наш мотафэст даведалася нядаўна праз інтэрнэт. Патэлефанавала арганізатарам, распытала пра праграму, запрасіла сваіх сяброў.

    — Аналагічнае адкрыццё і закрыццё мотасезона мы ладзім і ў сябе ў Астраўцы, — працягвала мая суразмоўца. — Таксама наведваем дзіцячыя дамы, расказваем пра байкераў. Увогуле, усяляк развіваем гэту тэму, прасоў­ваем байк-культуру ў масы, каб людзі не асцерагаліся нас, не лічылі парушальнікамі закону і парадку.

    Развянчаць міф пра суровых хлопцаў у “скуры” пастараліся і арганізатары пастаўскага фестывалю, прыдумаўшы вясёлыя конкурсы. Але перш чым перайсці да іх, слова для прывітання прадаставілі начальніку аддзялення ДАІ РАУС А. В. Арэхаву. Аляксандр Віктаравіч павіншаваў усіх прысутных з адкрыццём мотасезона ў раёне і заклікаў быць уважлівымі на дарозе, няў­хільна выконваць правілы дарожнага руху. Затым байкеры ўсклалі жывыя кветкі да магілы загінулых воінаў у гарадскім скверы і ўшанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

    Ну, а далей пачалося самае цікавае. У прысутнасці шмат­лікіх гледачоў, якіх зусім не напалохаў дождж, што быццам бы чакаў аб’яўлення свята, яго ўдзельнікі выйшлі на старт. Першым заданнем для байкераў было ў поўнай экіпіроўцы як мага хутчэй праехаць паміж фішкамі на дзіцячых самакатах. У конкурсе на самага лепшага сябра ад пасажыраў матацыклаў патрабавалася збегаць па каністру “бензіну” (устаноўленую за 20 метраў вялікую бутлю з вадой), каб заправіць нечакана “заглохлы” байк. Быў таксама і традыцыйны для такіх мерапрыемстваў конкурс на самы гучны і прыгожы гук байка. Пераможцы ў кожным відзе спаборніцтваў атрымалі памятныя дыпломы.

    Пасля гэтага, выстраіўшыся ў калону па двое, байкеры ў суправаджэнні машын ДАІ па галоўнай вуліцы горада — Чырвонаармейскай — адправіліся на спартыўна-турыстычны комплекс “Азёркі”, дзе прадоўжыўся фестываль. Там адбыліся конкурс па настольным футболе і канцэрт рок-груп з Пастаў і Смаргоні.

    Алена ШАПАВАЛАВА.

    Фота Сяргея Вшыўкава.

     

    Автор: Алена ШапавалаваПастаўскі край

Комментарии (0)