У трынаццаты раз у Палацы Рэспублікі ў Мінску 12 мая прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу “Тэлевяршыня”. Сярод фіналістаў быў і калектыў канала “Паставы-ТБ”.
— На конкурс было пададзена 286 работ ад 33 вяшчальных арганізацый, — расказвала адказны выпускальнік дзяржаўнай установы “Рэдакцыя праграмы радыёвяшчання “Пастаўскае мясцовае радыё” і праграмы тэлебачання “Паставы-ТБ” Юлія Лазікевіч. — Традыцыйна за “тэлеўраджай” змагаліся не толькі рэспубліканскія каналы, але і рэгіянальныя. У намінацыі “Лепшы праект рэгіянальнага тэлебачання” з намі канкурыравалі Магілёўскае і Лідскае тэлебачанне (першае і другое месца). Прыемна, што наш невялікі калектыў стаў у адзін рад з тэлеканаламі, у якіх колькасць работнікаў намнога большая. У нас — трэцяе месца. Яго атрымалі за фільм “Жыццё на пераадоленне”, які мы знялі да Міжнароднага дня інвалідаў.
Аўтар сцэнарыя і рэжысёр фільма — сама Юля, аператар — Сяргей Плешакоў, інжынер відэамантажу — Дзмітрый Ракоўскі. У падрыхтоўцы праекта прыняў удзел увесь калектыў тэлеканала. Героі — людзі, якія ў выніку няшчасных выпадкаў сталі фізічна абмежаванымі, але не страцілі надзеі і аптымізму. У мінулы чацвер, 18 мая, тэлеканал “Паставы-ТБ” запрасіў іх да сябе ў студыю. Віталій Душэўскі і Дзяніс Жук — пастаўчане, Алеся Мялько і Віктар Муха прыехалі з Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў.
— Для нашага калектыву вельмі важна не толькі падзяліцца з вамі сваёй радасцю, — гаварыла падчас сустрэчы Юлія Лазікевіч, — але найперш падзякаваць вам за згоду на здымкі, за вашы мужнасць, імкненне да пераадолення, здавалася б, непераадольных цяжкасцей, бясконцую любоў да жыцця.
Госці, атрымаўшы ў падарунак кветкі і цукеркі, у сваю чаргу дзякавалі за ўвагу да іх і нераўнадушша да іх няпростых лёсаў, шчыра радаваліся поспехам пастаўскіх тэлевізіёншчыкаў, гаварылі, што з нецярпеннем чакаюць выхаду кожнай перадачы.
Яшчэ адзін герой фільма Андрус Чыпуліс па стане здароўя не змог прыехаць у студыю, таму Юлія Лазікевіч, карэспандэнт Наталля Налей і аператар Сяргей Плешакоў адправіліся да яго дадому. Атрымалася цёплая, шчырая размова з Андрусам і яго жонкай Алесяй.
— Словы падзякі, кветкі і цукеркі — гэта маленькая часцінка таго, чым мы можам аддзячыць гэтым цудоўным душой і моцным духам людзям, — гаварыла Ю. Лазікевіч. — Яны — прыклад мужнасці, міласэрнасці і дабрыні. Кожнаму здароваму чалавеку варта часцей задумвацца над сэнсам жыцця, яго каштоўнасцямі, вучыцца ў герояў фільма аптымізму.
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.
Комментарии (0)