19 Апреля, 2024 Пятница

СМІ і прафсаюзы: партнёрства мацнее

  • 25 мая 2017 Общество Беларуская 0

    Напярэдадні двух адметных майскіх святаў – Дня працы і Дня друку – у Мінску праходзіў Другі рэспубліканскі форум “Роля СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства”, арганізаваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі і Міністэрствам інфармацыі краіны. Сярод запрошаных былі прадстаўнікі 130 друкаваных і медыйных сродкаў масавай інфармацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі.

    Форум у форуме

    УЖО Ў ПЕРШЫ ДЗЕНЬ беларускія журналісты былі акрэдытаваныя на яшчэ больш маштабным мерапрыемстве – Міжнародным форуме “Прафсаюзы і будучыя сферы працы”, які ладзіўся ў Доме прафсаюзаў. Ягоная павестка будавалася вакол “дыялогаў стагоддзя”, прысвечаных такім тэмам, як праца і грамадства, годныя рабочыя месцы, арганізацыя вытворчасці, кіраванне сферай працы. Сярод удзельнікаў – эксперты ў вобласці працоўнага права, кіраўнікі і прадстаўнікі міжнародных прафсаюзных арганізацый з 27 замежных краін, прадстаўнікі беларускага ўрада, дыпламатычнага корпусу.

    У сваім дакладзе старшыня ФПБ Міхаіл Орда спыніўся на асаблівасцях сучаснага рынку працы, дзе ўжо зараз “ўладараць” глабалізацыя, аўтаматызацыя і інфарматызацыя, хуткасна расце канкурэнцыя ў эканоміцы. Яны пранікаюць ва ўсе сферы жыцця. Некаторыя спецыяльнасці, падкрэсліў дакладчык, паступова адыходзяць у гісторыю, у сувязі з паскарэннем тэхналагічнага працэсу іх замяняюць новыя. Гэтыя пытанні патрабуюць увагі з боку прафсаюзаў усяго свету. Міхаіл Сяргеевіч агучыў шмат лічбаў. Назавем толькі адну – мільярд. Менавіта столькі працаўнікоў дзякуючы сучасным тэхналогіям “адвязаліся ад крэслаў” і цудоўна выконваюць свае абавязкі без штодзённага наведвання “працоўнага” месца. Гэта адносіцца і да журналістаў, абавязак якіх – знаходзіцца ў гушчэчы падзей, а не працаваць “тэлефаністамі”, збіраючы інфармацыю, не выходзячы з кабінетаў. Цешыць, падкрэсліў кіраўнік прафсаюзаў, што СМІ, якія шчыльна супрацоўнічаюць з ФПБ, у асноўным іншага кшталту – мабільныя і аператыўныя ў паказе дзейнасці сённяшняга чалавека працы і дзейнасці прафсаюзаў.

    Са свайго боку, міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, якая ад імя ўрада павіншавала ўдзельнікаў форуму, падрабязна спынілася на пытаннях нацыянальнага рынку працы. Самы цікавы даклад, які шмат у чым ішоў у разрэз са словамі ранейшых выступоўцаў, прагучаў, мабыць, з вуснаў намесніка старшыні Саюза наймальнікаў Віктара Цімафеева. Лейтматыў яго выступлення: “Новыя тэхналогіі – далакопы працы!” Тое, што раней было (і лічылася) фантазіямі – цяпер паўсядзённыя рэаліі, якія выціскаюць чалавека працы “за борт постіндустрыяльнага грамадства”, нара-джаючы напружанасць. У выніку тэхналагічны працэс не толькі ліквідуе працоўныя месцы, але й стымулюе эканамічную міграцыю. Калі разумець, што “тэхналогіі – пажыральнікі прафесій”, ужо цяпер не трэба быць вялікім празорцам, каб прыйсці да высновы: цэлыя прафесіі ў хуткім часе адамруць, ім на змену рухаюцца новыя, што маюць перспектывы ў будучым, бо звязаны ў асноўным з інавацыйнымі і інфармацыйнымі тэх-налогіямі.

    Жыць патрэбна не толькі “папяровым” жыццём

    СВОЕАСАБЛІВЫМ ПРАЦЯГАМ дыскусіі, што разгарнулася ў Доме прафсаюзаў, стала прэс-канферэнцыя, якую ладзілі для журналістаў з рэгіёнаў міністр інфармацыі Лілія Ананіч і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда.

    Больш за гадзіну ішоў даверлівы дыялог, на якім карэспандэнты маглі задаць пытанні і данесці праблемы, што хвалююць іх чытачоў і слухачоў. Прамоўцы падкрэслівалі: зараз сувязі паміж сродкамі масавай інфармацыі і прафесійнымі саюзамі ўзняліся на новы, больш якасны ўзровень, партнёрства мацнее, і двухбаковая зацікаўленасць у ім адчувальная. Разам з тым, як падкрэсліла Лілія Станіславаўна, “цяпер газетам мала ўжо жыць толькі “папяровым” жыццём, ужо недастаткова мець уласны сайт – патрэбна замацоўвацца ў сацыяльных сетках, якім людзі моцна давяраюць, найперш з-за аператыўнасці і мажлівасці карыстацца непасрэдна самай свежай інфармацыяй у рэжыме онлайн”.

    Міхаіл Сяргеевіч, са свайго боку, падзякаваў журналістам за плённае і шматбаковае супрацоўніцтва з прафсаюзамі, сведчаннем чаго стала багатая выстава перыёдыкі, прывезенай літаральна з кожнай рэдакцыі. Кіраўнік ФПБ расказаў, як, “трымаючы руку на пульсе”, федэрацыя стварае і падтрымлівае ўласныя СМІ, да якіх цяпер адносіцца не толькі газета “Беларускі Час”, але й уласны інфармацыйны партал, тэлепраграма “Народная раніца” ды іншае.

    Аднак у насычанай праграме ўдзельнікаў форуму “Роля СМІ ў развіцці сацыяльнага партнёрства” чакалі не толькі афіцыйныя пасяджэнні і прэс-канферэнцыі. Напярэдадні чарговай гадавіны Перамогі яны пазнаёміліся з экспазіцыямі музея Вялікай Айчыннай вайны, таксама ладзілася экскурсія па прафсаюзным санаторыі “Крыніца”, які славіцца сваёй лячэбнай базай. І ўжо ў самым канцы (літаральна – “на салодкае”) адбылося знаёмства з працай пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі знакамітай сваімі саладосцямі фабрыкі “Камунарка”, змястоўная экскурсія па цэхах прадпрыемства, а затым – выніковая сустрэча з генеральным дырэктарам “гэтага царства дзіцячых мар” Іванам Данчанкам і старшынёй Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалаем Лабушавым, якія ахвотна задаволілі цікавасць журналістаў, адказваючы на іх шматлікія пытанні.

    Автор: Анатоль БЕНЗЯРУКСельская праўда

Комментарии (0)