08 Мая, 2024 Среда

Урачыстасць з наваселлем

  • 19 июня 2017 Общество Беларуская 0

    Вялікім падарункам для медыцынскіх работнікаў раёна напярэдадні прафесійнага свята стала здача ў эксплуатацыю інтэрната. Рэканструкцыю былога будынка стаматалагічнага аддзялення правяла ПМК-233, фінансаванне аб'екта было ажыццёўлена са сродкаў раённага бюджэту.

    На ўрачыстае адкрыццё інтэрната сабраліся прадстаўнікі ўлад, будаўнічай арганізацыі, медыцынскія работнікі, грамадскасць. Для ўсіх радасць – адрэстаўрыраваны сучаснымі будаўнічымі матэрыяламі будынак упрыгожыў горад, нельга пераацаніць і яго функцыянальную значнасць. Інтэрнат мае дзве двухпакаёвыя кватэры і пакоі на 22 ложка-месцы.

    Жыллё для медыкаў – у прыярытэце тых складаемых, якія садзейнічаюць замацаванню кадраў медыцынскіх работнікаў. Складаныя задачы, якія ставяцца ў сучасны момант перад сферай аховы здароўя, патрабуюць граматных, кваліфікаваных спецыялістаў. Аб гэтым гаварылі ў сваіх выступленнях на ўрачыстым адкрыцці інтэрната старшыня рённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Зіновій Гозман. Кіраўніцтвам аховы здароўя вобласці была выказана ўдзячнасць райвыканкаму за правільна прынятае рашэнне аб новым прызначэнні будынка і фінансаванні аб'екта. Інтэрнат мае вельмі прыгожы выгляд. Самі медыцынскія работнікі на чале з галоўным урачом Святланай Глебка праявілі вялікую зацікаўленасць у дызайне, знаходзілі час разам з будаўнікамі выбіраць будаўнічыя матэрыялы.

    Начальнік ПМК-233 Дзмітрый Пячора ўручыў сімвалічны ключ Святлане Глебка і выказаў спадзяванне, што медыцынскія работнікі, якія атрымаюць месцы ў інтэрнаце, будуць беражліва адносіцца да маёмасці, таму што будаўнікі, як адзначыў прамоўца, выконвалі сваю работу не толькі з адказнасцю, прафесіяналізмам, але і з любоўю. Наведванне інтэрната прыемна ўразіла ўсіх не толькі прыгажосцю інтэр'ера, але і абсталяваннем жылых пакояў – куплена новая мэбля, халадзільнікі, пліты. Можна ўявіць, якімі шчаслівымі будуць навасёлы.

    Вельмі дарэчы інтэрнату быў падарунак ад абласнога аб'яднання прафсаюза работнікаў аховы здароўя: старшыня абкама прафсаюза Аляксандр Шамаль уручыў пральную машыну.

    Пасля ўрачыстага адкрыцця інтэрната госці свята і медыкі сабраліся на ўрачыстасць, прысвечаную Дню медыцынскага работніка, у раённым Цэнтры культуры. Ва ўсіх быў святочны, прыўзняты настрой, радасць ад прыемных падзей, якія пастаянна падсілкоўваюць калектыў медыцынскіх работнікаў увядзеннем ведамасных аб'ектаў пасля рамонту і рэканструкцыі.

    Кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі аблвыканкама і абласнога камітэта прафсаюза былі ўручаны ўзнагароды лепшым медыцынскім работнікам.

    Ганаровай граматы галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўдастоены загадчыца паліклінікі Інеса Дударэвіч, загадчыца кадравага сектара Тамара Чэмка, падзякі галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама – загадчыца аддзялення пералівання крыві Ірына Пярхальская, медсястра-анестэзіст Вольга Рубіна. Ганаровай граматай старшыні райвыканкама ўзнагароджаны загадчык аддзялення анестэзіі і рэанімацыі Юрый Астахновіч, падзякамі – старшая сястра фізіятэрапеўтычнага аддзялення Наталія Петух, фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ала Крупеніч, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 7 Людміла Маркоўская, памочнік урача-валеолага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ала Шыдлоўская. Ганаровай граматай Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага харчавання адзначана памочнік урача-гігіеніста Таццяна Пархімовіч, падзякай – памочнік урача-эпідэміёлага Галіна Кузняцова. Граматы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аховы здароўя ўручаны галоўнаму ўрачу цэнтральнай раённай бальніцы Святлане Глебка, урачу-хірургу Мікалаю Ланкевічу, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Флюзе Анушкевіч, старшаму майстру будаўніча-рамонтнай брыгады Дзмітрыю Давыдаву.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Святлана ЖЫБУЛЬПрамень
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)