27 Апреля, 2024 Суббота

Дама за рулём

  • 28 июня 2017 Общество Беларуская 0

    У суботу, 24 чэрвеня, на Жабінкаўшчыне адзначаўся Дзень моладзі. У яго праграме былі розныя мерапрыемствы, сярод якіх, напрыклад, гульнёвыя конкурсы “Моладзь руліць”, кватэрнік “Усё пачынаецца з кахання”, “Танцавальны джэм” і інш.

    Больш падрабязна – пра конкурс “Аўталэдзі”, які сабраў найбольш гледачоў-балельшчыкаў.

    Прыгажуні, якія ўдзельнічалі ў мінулую суботу ў раённым этапе рэспубліканскага праекта “Аўталэдзі-2017”, даказалі мужчынам-аўтамабілістам, што яны могуць кіраваць чатырохколавымі жалезнымі коньмі нават лепей, чым мужчыны!

    І вось, за званне пераможцы конкурса “Аўталэдзі-2017”, арганізаваным жабінкаўскім РК “БРСМ” і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, змагаліся чатыры канкурсанткі.

    Знаёмцеся! Удзельніца пад № 1

    – Юлія Александровіч, медсястра райбальніцы. Яна выступала на конкурсе са сваёй “любіміцай” – чорнай “Хондай”. А сама гаспадыня выбрала вобраз дзяўчыны-стылягі. Дапамаглі завяршыць яго група падтрымкі – танцуючыя сяброўкі і атрыбуты – чамадан і магнітафон з мінулага стагоддзя.

    Удзельніца пад № 2: Алена Дзяркач, бухгалтар камбікормавага завода. Кампактную ярка-чырвоную “Таёту” яна ператварыла ў сімпатычную багоўку з вусікамі, і сама апранулася ў тон. Вобраз глядзеўся міла і арыгінальна. Трэцяя ўдзельніца – Алена Саковіч, эканаміст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яна з’явілася на конкурс разам з “Мікрачкай” –“Нісан Мікра”. На фіялетавым капоце красаваліся папяровыя балярыны ў фацінавых спаднічках-пачках. Гэты вобраз падказала ўдзельніцы маленькая дачушка Марыя, якая вельмі любіць глядзець выступленні лёгкіх і зграбных балерын.

    Ну, і апошняя канкурсантка – Ганна Усцьянчык, спецыяліст групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Жабінкаўскага РАНС. На яе “Рэно” замест нумара красаваўся салідны бант – у колер туфелек гаспадыні.

    Усе канкурсанткі перад пачаткам іспытаў прыкметна хваляваліся. Яны атрымалі словы падтрымкі і пажаданні начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Веры Бортнік (дарэчы, яна таксама дзяўчына-вадзіцель са стажам) і прыступілі да спаборніцтваў.

    Першы конкурс – творчы. Прыгажуні лоўка падрулівалі да судзейскага стала і прадстаўлялі свайго баявога таварыша. У кожнай – свая гісторыя знаёмства і сяброўства з жалезным любімцам. Напрыклад, Алена Дзяркач расказала пра сваю “птушачку шчасця” ў вершах, Юлія Александровіч увогуле станцавала перад аўто. Другі этап – “Лэдзі – вопытны вадзіцель”, дзе ўдзельніцы выконвалі “дыяганальную паркоўку”, “заезд заднім ходам”, “разварот на ўчастку абмежаваных памераў”. Нягледзячы на апасенні вядучага, усе вадзіцелі выдатна справіліся з заданнем, не зачапілі ніводнай стойкі і не атрымалі штрафных секунд. Так што жанчына за рулём – гэта акуратнасць, дакладнасць і аператыўнасць.

    Затым абедзве Алены, Ганна і Юлія накіраваліся ў глядзельную залу ГДК, каб на камп’ютары адказаць на тэарэтычныя пытанні, якія тычыліся ПДР. І тут усе аказаліся на вышыні! А пакуль яны здавалі своеасаблівы экзамен на веданне правіл, гледачы разгадвалі сканворды на аўтамабільную тэматыку і спаборнічалі ў майстэрскім кіраванні аўтамабільнымі коламі паміж стоек. Было весела!

    У апошнім конкурсе “За рулём – жанчыны!” удзельніцы паказвалі і абаранялі новы дарожны знак. Усе чатыры канкурсанткі праявілі арыгінальнасць і фантазію і, здаецца, іх знакі маглі б з’явіцца на дарогах горада. Напрыклад, Алена Дзяркач прыдумала знак “Макіяж у машыне”. Яна прапанавала журы, як правільна маскіраваць недахопы (прышчык на лобе, чырвань вакол вачэй), наносіць бляск на вусны, румяніць шчокі, фарбаваць вочы пакуль гарыць… забараняючае “вока” светлафора. Праўда, у гэтым выпадку адцягваць увагу ад дарогі болей чым на 3 секунды вельмі небяспечна.

    Арыгінальны знак прапанавала Алена Саковіч “Абагнаў – жаніся”. Яго дзеянне, на думку аўтаркі, распаўсюджваецца з 21.00 да 23.00 і ўстанаўліваць яго варта ля загса па вул. Кірава, 47.

    “Любая незамужняя дзяўчына, калі яе абгоняць, мае права на заручальны пярсцёнак. І дэмаграфічная сітуацыя ў горадзе значна палепшыцца!” – запэўніла Алена Валянцінаўна.

    Алена Дзяркач, адразу бачна, клапоціцца пра жыццё чатырохлапых сябраў. На яе знаку – выява ката і сабакі ў чырвоным трохкутніку.

    А Ганна Усцьянчык як супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях дбае аб здароўі кіроўцаў і недапушчэнні імі пажараў у дарозе. “Не курыце за рулём”, – актуальна для многіх вадзіцеляў. Гэты знак мог бы таксама знайсці сабе месца ў шэрагу іншых.

    Нарэшце, інтрыгуючы момант: – аб’яўляюцца пераможцы. Званне “Аўталэдзі – крэатыў” заваявала Алена Дзяркач, “Аўталэдзі – пазітыў” – Ганна Усцьянчык, “Аўталэдзі – чароўнасць” – Алена Саковіч, ну, а пераможцай конкурсу “Аўталэді-2017” па колькасці набраных балаў стала Юлія Александровіч! Дзяўчаты атрымалі прыгожыя букеты кветак, дыпломы ад жабінкаўскага філіяла УА “Цэнтр павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў імя

    Д. Карбышава” ДТСААФ падарункі, а пераможца – яшчэ і сертыфікат на наведванне салона прыгажосці “Ірыс”. Няхай дзяўчатам заўжды гарыць зялёнае святло светлафораў і ўступаюць дарогу вадзіцелі.

    На здымках: моманты “Аўталэдзі-2017”.

    Фота аўтара.

    Автор: Святлана БЯЛЯКСельская праўда

Комментарии (0)