24 Августа, 2017 Четверг

Чаму працягваюць лопацца турыстычныя кампаніі і ці можна прадухіліць гэты працэс

  • 08 августа 2017 Общество Русский 0

    Туркампаніі краіны занепакоеныя шэрагам скандалаў на рынку і сапсаваным агульным іміджам галіны. Серыя нявылетаў адпачы- вальнікаў па віне турфірм пачалася ў мінулым годзе і працягваецца і па сённяшні дзень. На дырэктара кампаніі «Каліпса Тур», якая прайграла грошы кліентаў у казіно, ужо завялі крымінальную справу. Заявы ў міліцыю падалі 92 чалавекі і тры юрыдычныя асобы. Шкода вымяраецца сумай каля 300 тысяч рублёў. Не ўбачылі мора і некаторыя кліенты другой кампаніі — «Дром- тур». Калі можа спыніцца чарада гучных спраў і якія меры дапамогуць паставіць у гэтай справе кропку, высвятляла карэспандэнт «Р». 

    Некалькі слоў пра «Дром-тур». Кампанія гэтая далёка не пачатковец на рынку, але ў нейкі момант і ў яе справы пайшлі наперакос. Мiнчанiн Юрый, які лічыцца пастаянным кліентам фірмы, увесь свой адпачынак патрацiў на разбіральніцтва і спробу вярнуць дзве з лішкам тысячы еўра. Яго таварышамі па няшчасці сталі яшчэ некалькі сем'яў. У самой кампаніі, куды я патэлефанавала, кажуць, што пакуль трымаюцца на плыву і астатнія туры праходзяць нармальна. Але пры гэтым прызнаюць: невыкананне дагаворных абавязацельстваў мела месца. Сітуацыя, скажам прама, нестандартная, пацярпелыя кліенты напісалі заявы ў міліцыю. Чатыром сем'ям вярнулі грошы на мінулым тыдні. Яшчэ тром аддадуць аплату па чэках у бліжэйшы час, а пасля гэтага ўсім пацярпелым — маральную кампенсацыю.

    У той жа час калегі па галіне за «Дром-тур» перажываюць: ці зможа  кампанія справіцца з сітуацыяй? Бо са складанасцямі яна сутыкалася і ў мінулым сезоне. З аператарам «Аэратрэвел», напрыклад, фірма з цяжкасцю расплачвалася за туры, за ёй нават застаўся невялікі доўг. А ў гэтым годзе даходзіла да таго, што турысты прыязджалі ў аэрапорт, але іх не маглі там пасадзіць у самалёт, таму што броня за месцы не была аплачана. Такія факты прыводзіць дырэктар «Аэратрэвел» Аляксандр Працукевiч.

    Такая  ж гісторыя супрацоўніцтва з «Дром-тур» і ў кампаніі «Тайм Ваяж». Слова яе дырэктару Руслану Сегянюку:

    — Мы як аператар спынілі працу з імі больш за год таму. Праблемы былі сістэматычнымі, сяк-так «Дром-тур» з іх выблытваўся. Нам такое становішча спраў не спадабалася. Не спадабалася яно і іншым тураператарам, як, на жаль, высвятляецца ўжо цяпер. Абмен інфармацыяй паміж намі не наладжаны, у нас няма ні сайта для абмену данымі, ні нейкага агульнага спіса, дзе мы маглі б пазначаць праблемныя агенцтвы і папярэджваць такім чынам калег. Па сутнасці, узяць справу «Дром-тура» на кантроль мог бы рэгулятар, каб не дайшло да такой сітуацыі. Тое, што перад гэтым банкруціліся турфірмы, гэта чыста ашуканская схема, апошняя кампанія, здаецца, спрабавала выбрацца, але справы ішлі па накатанай схеме. У нейкі момант яна дала збой.

    Відавочна: час абдумаць высновы і нешта рабіць. Што? Прыслухаемся да непасрэдных удзельнікаў галіны. Меркаванне многіх кіраўнікоў буйных кампаній аднолькавае: рынку патрэбныя нейкія ахоўныя механізмы. Прычым з боку рэгулятара — Мінспорту і турызму. Адзін з варыянтаў — увядзенне ліцэнзавання. Бо добраахвотная сертыфікацыя, якую нярэдка ў кулуарах называюць намінальнай, не ў сілах паставіць заслон фірмам-аднадзёнкам. Другі варыянт — падумаць пра страхоўку дагавораў самімі турфірмамі і іх фінансавых рызык. Трэці — успомніць пра туррэестр, які вядзецца ў краіне. І паставіць прынцыповае пытанне: не падаў туды звесткі пра сябе — значыць, ты не турфірма. Бо падача звестак у рэестр носіць абавязковы характар, але, па даных на 27 ліпеня, там значацца ўсяго 747 кампаній. Ці крыху больш за палову фактычных гульцоў.

    А вось да прапановы стварыць нейкі кампенсацыйны фонд, які б падстрахоўваў кампаніі і дапамагаў аператыўна вырашыць праблемы, якія ўзнікаюць у турыстаў, многія эксперты ставяцца скептычна. Па-першае, для гэтага трэба будзе стварыць нейкую аўтарытэтную арганізацыю і надзяліць яе функцыяй кантролю за аплатай. Па-другое, не вызначаны памер плацяжоў. Але ўжо зразумела: гэта адаб'ецца на кошце тураў. Па-трэцяе, гатовага прыкладу для пераймання, каб сэканоміць час, няма. Як-ніяк задумка ў Расiі з кампенсацыйнымі фондамі дала трэшчыну. Нават калі такі фонд у нас з'явіцца, ён не абароніць грамадзян ад несумленнай фірмы, якая цішком адкрылася ўчора за вуглом. Наадварот, знізіць яе долю адказнасці.

    Руслан Сегянюк мяркуе так:

    — Абмежаванне ад выпадковых людзей у галіне павінна быць. Хоць бы таму, што іх праца наносіць страты ўсёй галіне. Гэта як пажары ў Чарнагорыі — іх толкам ніхто не бачыў, але кожны турыст ведае, што яны там ёсць. Так і тут: на фоне дзясяткаў і сотняў тысяч чалавек, якіх мы адпраўляем на адпачынак гадамі без праблем, некалькі скандалаў ставяць пад сумненне ўсю працу. І гэтая тэндэнцыя вельмі небяспечная: у сферу прыходзяць выпадковыя людзі, бяруць грошы ў кліентаў, але далей па ланцужку іх не перадаюць. Прасачыць гэты шлях немагчыма, адказнасць — мінімальная. Так што я за рэгуляцыю, але не жорсткую.

    Яшчэ адна прапанова — падзяліць ў рэестры аператараў і агенцтвы. Каб турысты разумелі, з кім маюць справу: з кампаніяй, якая працуе наўпрост з курортамі, або з перапродажамі гатовых варыянтаў. Не перашкаджала б турыстам даведвацца, чые туры рэалізуюць агенцтвы, каб пры выпадку патэлефанаваць аператару і ўдакладніць, ці была аплата, а не праседжваць на чамаданах каштоўны час.


    ПАЗІЦЫЯ

    Аператар агенту не роўны

    Таццяна ДАНIЛУШКIНА, галоўны рэдактар партала traveling.by

    Найбуйнейшых тураператараў у нас больш за 30. Менавіта столькі карыстаецца праграмным забеспячэннем «МайстарТур», што гаворыць аб фарміраванні ўласнага прадукту. Ёсць і міжнародныя гульцы, нядаўна адкрылася прадстаўніцтва буйной мiжнароднай кампанii.

    Заўважу так: тураператар — гэта кампанія, якая фармiруе ўсю паездку. Яна злучае праезд, пражыванне і ў выпадку авіятура трансфер. Для гэтага выкарыстоўваюцца дзве схемы ў рабоце. Першая: аператар знаходзіць партнёраў у краінах прызначэння — мясцовых аператараў або прымаючыя кампаніі, якія адказваюць за арганізацыю адпачынку нашых турыстаў на месцы. Прымаючыя кампаніі заключаюць дагаворы з гатэлямі, падаючы толькі цэны. Другая: тураператар заключае дагавор напрамую з варыянтамі пражывання, гарантуючы ім продаж пэўнага блока месцаў на працягу сезона. У абодвух выпадках тураператар адказвае за праезд кліентаў да месца прызначэння: заказвае і праплачвае на сезон набор месцаў на чартарах «Белавія» альбо ў аўтобусах. Так фарміруецца пакетны тур. У сярэднім тураператар устанаўлівае нацэнку ў 20% да кошту пералічаных паслуг. I 10% з іх ідуць на пакрыццё ўласных выдаткаў, а 10% — турагентам, якія ў будучым будуць прадаваць варыянты «пад ключ». Але гэтая нацэнка не азначае, што такая ж паездка, арганізаваная самастойна, абыдзецца танней. Тураператар за кошт вялікіх аб'ёмаў, гарантый і перадаплаты атрымлівае выгадныя цэны на гатэлі, пералёты.

    Гатовы прадукт тураператар можа рэалізоўваць сам або праз сваіх агентаў. Каб разнастаіць прапанову і зарабіць больш, агенцтвы заключаюць дагаворы адразу з некалькімі тураператарамі. З кожнай прададзенай пуцёўкі ім ідзе камісія ў памеры, як правіла, 6—14%. Гэта значыць, калі кліент заплаціў за паездку ў Турцыю 2 тысячы рублёў, то гэтыя грошы не застаюцца тут жа, у кампаніі, як думаюць многія, а ідуць на аплату месцаў у самалёце, у гатэлі, на трансфер. У турагента застаецца 10% ад гэтай сумы — гэта сярэдні памер камісіі па рынку. Многія, каб пазмагацца за кліента, даюць зніжкі. Робяць яны гэта за кошт уласнай камісіі, фактычна з заробку кампаніі. Гэта прыемная сітуацыя для турыста, але памежная для турагенцтва — можа не хапіць сродкаў на аплату заробкаў менеджараў, арэнду офіса, рэкламу. Прыйдзецца «перакрываць» з грошай наступных кліентаў — замест пералічэння грошай аператару аплачваць уласныя выдаткі. Такая «зніжкавая» палітыка і прыводзіць да скандалаў, аналагічных таму, што нядаўна адбыўся з «Каліпса Тур». Так што калі вам даюць вельмі прыемную зніжку — больш за 8—10%, задумайцеся. Лепш адмовіцца ад такіх паслуг і засцерагчы сябе ад нечаканасцей.

    Як яшчэ гэта зрабіць? Купляць пуцёўку ў тураператара ці ў яго ўпаўнаважанага агенцтва. Імі могуць стаць толькі правераныя, надзейныя кампаніі, якія праходзяць строгі адбор. Аднак нейкага адзінага даведніка тураператараў у нас няма, таму ідэя падзяліць ў рэестры тураператараў і агенцтвы мае права быць. Але ёсць нюанс — некаторыя кампаніі могуць быць і тураператарам, і агентам адначасова: па адных напрамках фарміраваць свой прадукт, па іншых — прадаваць чужыя туры. У любым выпадку, патэнцыяльныя кліенты павінны разумець, да каго яны звяртаюцца па паслугу. Зараз даведацца статус кампаніі можна на яе сайце. Не саромейцеся пытаць, якому тураператару належыць абраны вамi тур. І напрыканцы: пажадана браніраваць адпачынак у праверанай турфірме з вопытам, у свайго менеджара, які ведае вашыя перавагі, падкажа выгадныя варыянты. Калі такога пакуль няма, то папытаць у знаёмых — сарафаннае радыё рэдка падводзіць.

    Автор: ДРУК Мария Рэспубліка

Комментарии (0)