26 Апреля, 2024 Пятница

Кадры вырашаюць усё

  • 10 октября 2017 Общество Беларуская 0

    У Мінску падвялі вынікі дзіцячага фотаконкурсу 

    Сёння фатаграфія стала як ніколі даступнай. Адзін дотык да тэлефона ці планшэта — і яркі якасны здымак гатовы. Аднак адна справа штампаваць аднатыпныя сэлфі, і зусім іншая — фатаграфаваць прафесійна, нібы мастак, тонка адчуваючы прыгажосць прыроды, чалавека, з’явы… Традыцыйны дзіцячы фотаконкурс “Свет вакол нас” год ад году паказвае, як шмат школьнікаў хочуць спасцігаць гэту найцікавейшую, але далёка не простую справу.

    Дапамагчы дзецям раскрыць свой творчы патэнцыял узяліся таленавітыя і ўжо вопытныя фатографы з пастаўскага фотаклуба “Святласіла” Андрэй Мацур і Рыта Шылей. Менавіта дзякуючы іх ініцыятыве ў краіне з’явіўся першы і адзіны на сёння конкурс дзіцячай фатаграфіі. Упершыню ён быў арганізаваны ў 2013 годзе. Удзельнікамі сталі юныя жыхары Пастаўшчыны, чые лепшыя здымкі з’явіліся асновай экспазіцыі ў гарадскім Доме рамёстваў. З таго часу адбыліся чатыры аднайменныя конкурсы, у тым ліку два — у рангу рэспубліканскага. Па выніках кожнага з іх ладзіліся выніковыя выставы, якія прэзентаваліся не толькі ў Паставах, але і ў розных галерэях Мінска.

    Сёлетні конкурс стартаваў 1 сакавіка. Арганізатары вызначылі 6 тэм-намінацый: “Хараство роднай зямлі”, “Школьнае жыццё”, “Мой горад (вёска)”, “Твары вакол”, “Крэатыў”. Дзякуючы СМІ, у прыватнасці інфармацыйнаму партнёру — “Настаўніцкай газеце”, пра конкурс даведалі­ся дзеці з самых розных куткоў Беларусі. У выніку на суд прафесійнага журы свае работы вынеслі каля 120 чалавек. Геаграфія ўдзельнікаў шырокая — Ляхавічы, Калінкавічы, Дзяржынск, Шчучын, Талачын, Гродна, Гомель, Мінск… Пастаўшчыну прадставілі выпускніца СШ № 5 Ірына Паўлава і Кацярына Лысёнак з Камай.

    Падвядзенне вынікаў адбылося 28 верасня ў галерэі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і края­знаўства ў Мінску. Мерапрыемства сабрала шмат гасцей, сярод якіх былі арганізатары і партнёры праекта, канкурсанты і іх бацькі, прафесійныя фатографы. І вось інтрыга раскрыта. Пераможцамі ў кожнай з пяці намінацый прызнаны Наталля Гарбіна (Шчучын), Маргарыта Новікава (Талачынскі раён), Маргарыта Яроцкая, Кацярына Зябко, Уладзіслаў Івашка (усе — з Мінска). Пастаўчанка Ірына Паўлава заняла другое месца ў намінацыі “Мой горад”.

    Шмат добрых слоў у той дзень гучала не толькі ў адрас таленавітых дзяцей, але і іх бацькоў.

    — Калі вучыўся ў сёмым класе, мама падарыла мне фотаапарат і ўсё неабходнае для фатаграфавання. Гэта ў многім вызначыла мой лёс, — прызнаўся, выступаючы, адзін з членаў журы конкурсу Сяргей Плыткевіч — самы вядомы ў Беларусі фатограф дзікай прыроды, дырэктар выдавецтва “Рыфтур”, журналіст, аўтар шматлікіх фотаальбомаў пра Беларусь. — Калі дзеці маюць здольнасці да творчасці, іх трэба ў гэтым усяляк падтрымліваць, заахвочваць, максімальна дапамагаць. Не выключана, што сярод прысутных школьнікаў ёсць будучыя прафесійныя фатографы. Усё пачынаецца з першага кроку, жадання штосьці рабіць. Шукайце сваю тэму, якая бліжэй вам, даследуйце яе як мага глыбей — і ўсё атрымаецца.

    Сяргей Плыткевіч і Андрэй Мацур уручылі пераможцам і прызёрам прызы — грунтоўныя фотаальбомы, а таксама сертыфікаты на істотную скідку на навучанне ў адукацыйным цэнтры “Інстытут фатаграфіі і візуальных камунікацый” у Мінску. Усе канкурсанты атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фотаконкурсу. Выніковая выстава будзе яшчэ не раз экспанавацца ў Мінску на розных пляцоўках, магчыма, і ў іншых гарадах Беларусі.

    Ганаровым госцем мерапрыемства стаў удзельнік і лаўрэат усесаюзных і міжнародных выстаў, у мінулым старшыня і мастацкі кіраўнік найстарэйшага ў Беларусі фотаклуба “Мінск”, фотамастак з вялікім вопытам Юрый Васільеў. Ён адзначыў, што ў першую чаргу ўзнагародзіў бы… арганізатараў. “Такімі конкурсамі ў Мінску займацца няпроста, а ў Паставах — у тысячу разоў складаней. Я ведаю, што такое арганізацыйная работа, колькі яна забірае сіл і часу”, — сказаў Юрый Сяргеевіч і ў якасці прэзента ўручыў Рыце і Андрэю кнігі пра фатаграфію з асабістага архі­ва. Такі ж падарунак атрымала і канкурсантка Ірына Багдановіч, работы якой асабліва спадабаліся Юрыю Сяргеевічу.

    Сапраўды, правя­дзенне конкурсу патрабуе шмат намаганняў: ад напісання палажэння да аргані­зацыі выставы з сотнямі званкоў, прось­баў аб спонсарскай дапамозе (часта дарэмных), нікім не аплачаных транспартных і іншых выдаткаў. Конкурс трымаецца выключна на энтузіязме пастаўчан, якія за сваю работу, акрамя пачуцця выкананага абавязку, ніякіх дывідэндаў не атрымліваюць. Дык чаму ж яны гэтым займаюцца?

    — Такое пытанне мне даводзіцца чуць вельмі часта, — адказала Рыта Шылей. — Многія не разумеюць, што можна рабіць штосьці па клічы сэрца, а не з-за матэрыяльных выгод (маўляў, а што я за гэта атрымаю?). Калі справа сапраўды любімая, калі ёсць унутранае памкненне рэалізаваць сябе, а галоўнае — даць зрабіць гэта іншым, то чаму б і не? Сёлета як ніколі шмат было канкурсантаў з сельскай мясцовасці. Нават удзельнічала дзяўчынка з сур’ёзнымі праблемамі са здароўем — яна дрэнна чуе і размаўляе. Аднак гэта зусім не перашкаджае займацца творчасцю, прычым займацца паспяхова, нездарма на выставе яе адзначылі спецпрызам Беларускага дзіцячага фонду. Безумоўна, конкурс яе вельмі ўзрушыў, натхніў на новыя дасягненні. Гэта і ёсць галоўны вынік, галоўная ўзнагарода за нашу працу. Калі хоць адно дзіця з новай сілай загарыцца фатаграфіяй, адкрые для сябе свет прыгожага і нязведанага, то ўжо можна лічыць усе нашы намаганні па арганізацыі конкурсу недарэмнымі.

    І. МІКУС.

     

    Арганізатары выказваюць падзяку за падтрымку Рэспубліканскаму цэнтру экалогіі і краязнаўства (г. Мінск), Беларускаму дзіцячаму фонду, ТАА “Мітара” (г. Паставы), выдавецтву “Рыфтур”, кампаніі «Свет фота» (г. Мінск), ініцыятыўнаму гурту «Месяца фатаграфіі ў Мінску, «Настаўніцкай газеце» і асабіста Канстанціну Мельніку, Сяргею Плыткевічу, Віктару Суглобу, Андрэю Дубіцкаму, Івану Пятровічу, Міхаілу Трыказенку, Андрэю Лянкевічу, Юліі Капцэвіч. 

    Автор: Іна МікусПастаўскі край

Комментарии (0)