25 Апреля, 2024 Четверг

Наперад разам з БРСМ

  • 02 апреля 2018 Общество Беларуская 0

    Каля 200 дэлегатаў з усёй Віцебшчыны прынялі ўдзел у абласным маладзёжным форуме «БРСМ: час наперад!», які адбыўся 21 сакавіка ў Полацку. 

    Пастаўшчыну на форуме прадстаўлялі першы сакратар райкама БРСМ Іна Каралёва, сакратар пярвічнай арганізацыі СШ №3 Ганна Кундро і актывістка пярвічнай арганізацыі каледжа Паліна Маісеева (на здымку). Перад яго пачаткам у фае гарадскога Палаца культуры стартавала маладзёжная акцыя “Мая малая радзіма”. Яе сутнасць заключалася ў тым, што ўсе ўдзельнікі сустрэчы наклейвалі на карту Віцебскай вобласці стыкеры (іх выдавалі падчас рэгістрацыі) з выявамі гербаў тых гарадоў, адкуль яны прыехалі. Тут жа працавалі прэзентацыйныя тэматычныя пляцоўкі. На іх былі прадстаўлены прыярытэтныя напрамкі дзейнасці мала­дзёжнага саюза. Гэта студатрадаўскі, валанцёрскі і праваахоўны рух, праект “100 ідэй для Беларусі”. Таксама можна было азнаёміцца з ТБ-праектам выкладчыкаў і навучэнцаў Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа “Першы Лясны”.

    Удзельнікаў форуму прывіталі намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч і першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Віктар Глушын. Апошні падвёў вынікі работы за мінулы год і акрэсліў перспектывы развіцця маладзёжнага руху ў нашай вобласці на бягучы. Перадавымі ідэямі работы падзяліўся камандзір атрада “Эўрыка” (Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) Максім Мошталь, а старшыня Смаленскай абласной арганізацыі Расійскага саюза моладзі Яўгеній Захаранкаў расказаў пра праекты, якія расіяне рэалізуюць сумесна з беларусамі.

    У рамках форуму адбыліся цырымонія ўручэння маладзёжных білетаў новага ўзору і ўзнагароджанне пераможцаў абласных этапаў рэспубліканскіх конкурсаў на лепшыя пярвічныя арганізацыі ГА “БРСМ” і “Валанцёр года — Добрае Сэрца”. У ліку прызёраў і пастаўчане. Валанцёрскі праект атрада “Праметэй” (СШ №3) заняў трэцяе месца. Трэцімі ў намінацыі “Лепшая пярвічная арганізацыя прафесіянальна-тэхнічных і сярэднеспецыяльных устаноў адукацыі” сталі навучэнцы Пастаўскага каледжа.

    Цікавай і пазнавальнай атрымалася трохгадзінная творчая справаздача Полацкага райкама БРСМ. Падчас яе можна было ўбачыць крэатыўныя аўтарскія маладзёжныя праекты, якія рэалізоўваліся ў раёне ў рамках рэспубліканскага конкурсу “Полацк — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь”.  

    Не менш насычанай была і работа ў секцыях. Для дэлегатаў форуму ў ААТ “Полацк-Шкловалакно”, Полацкім дзяржаўным універсітэце, сярэдняй школе №18 імя Еўфрасінні Полацкай былі арганізаваны дыскусійныя пляцоўкі ў фармаце адкрытага дыялогу. Завяршылася сустрэча моладзі экскурсіямі ў Сафійскі сабор, Музей беларускага кнігадрукавання, Спаса-Еўфрасіннеўскі жаночы манастыр.

    — Паездка атрымалася цікавай і карыснай. Перадавы вопыт паспрабуем укараніць у нашым раёне, — дзялілася ўражаннямі Іна Каралёва. — Уразіла ўсё: і аўтарскія праекты, і канцэртная праграма, і экскурсіі. Спадабалася інтэрактыўная гульня, падчас якой ­удзельнікаў нашай секцыі падзялілі на дзве каманды і прапанавалі за дзесяць хвілін прыдумаць праект на тэму “Мая малая радзіма”. Мы “распрацавалі” гастранамічны тур па гарадах Прыдзвінскага краю. З яго экскурсанты даведаліся б пра традыцыйныя народныя стравы, якія з’яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі вобласці, і прадпрыемствы, чыя харчовая прадукцыя добра вядомая не толькі ў вобласці і рэспубліцы, але і за мяжой. Напрыклад, пастаўскія сыры, глыбоцкае згушчанае малако.

    Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

    Автор: Вераніка ФілановічПастаўскі край

Комментарии (0)