26 Апреля, 2024 Пятница

У басейн за здароўем

  • 05 ноября 2015 Спорт Беларуская 0

     

    Мінула паўтара года як Бярэзінская раённая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа з помпай справіла сваё наваселле ў новым будынку ў самым цэнтры горада.

    За гэты час установа не толькі стала сапраўдным архітэктурным упрыгожаннем раёна,  але і ўпадабаным месцам правядзення вольнага часу і наладжвання спартыўных спаборніцтваў як для бярэзінцаў самых розных узростаў, так і для шматлікіх гасцей раёна.

    Асаблівую папулярнасць школы забяспечыў сучасны на пяць дарожак плавальны басейн з дзвюма ваннамі. Тут з задавальненнем зай-маюцца людзі самых розных узростаў — ад дашкалят да пенсіянераў. Яны праходзяць у басейне курс аздараўлення і зараджаюцца бадзёрасцю і аптымізмам. Сведчаннем гэтага з’яўляецца вялікая колькасць пастаянных наведвальнікаў басейна са штомесячнымі абанементамі. Памножылі армію бярэзінскіх аматараў плавання спартыўныя секцыі.

    — Апошнім   часам што-дзень у басейн паплаваць прыходзяць звыш 200 дарослых і дзяцей, — гаворыць кіраўнік Бярэзінскай раённай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Андрэй Віктаравіч Сушынскі, — да іх паслуг не толькі камфортныя ўмовы для заняткаў плаваннем, але і індывідуальны падыход: з 2 лістапада распрацавана цэлая серыя разнастайных абанементаў на 12, 10 і 8 заняткаў, дзейнічае тарыф “Сямейны”. Добра зарэкамендавала сябе практыка індывідуальных заняткаў па навучанні плаванню і пракат спартыўнага інвентару. Ды і цана наведвання басейна днём і ўвечары цяпер будзе рознай. Прываблівае наведвальнікаў прафесіяналізм нашых трэнераў і інструктараў, сярод якіх нямала цікавых маладых спецыялістаў.

    Рэдка пануе цішыня і ў трэнажорнай зале. Тут свая спартыўная атмасфера і асаблівы настрой. Ствараюць яго сапраўдныя аматары здаровага ладу жыцця з ліку сучаснай моладзі. Сярод іх нямала не толькі мужчын, якія пільна сочаць за сваёй спартыўнай формай і рыхтуюцца да спартыўных спаборніцтваў, але і дзяўчат, і маладых жанчын, што ў пагоні за прыгажосцю аддаюць даніну модзе. Асобна трэба гаварыць пра абсталяванне трэнажорнай залы, дзе ўстаноўлены кардыятрэнажоры і іншы інвентар.

    Паспяхова праходзяць заняткі ў спартыўнай школе ў секцыях па настольным тэнісе, валейболе, баскетболе, грэка-рымскай барацьбе. Займацца гэтымі відамі спорту, ды яшчэ і більярдам могуць не толькі дзеці, але і па жаданні, за памяркоўны кошт, дарослыя. Да іх паслуг камфортныя і ўтульныя залы, у тым ліку і вялікая спартыўная, і пракат спартыўнага інвентару, і паслугі саўны.

    Ды і якое ўпадабанае месца адпачынку ў горадзе без буфета? Цяпер ён непасрэдна належыць спартыўнай школе. Адчуць гэта можна па цэнах на тавары, якія тут ніжэй, чым у іншых крамах, бо працуюць без пасрэднікаў і напрамую з пастаўшчыкамі. Пакупнікоў абслугоўвае малады прадавец Вікторыя Уладзіміраўна Сямашка.

    — Наш буфет паступова набірае сваю папулярнасць, — гаворыць дзяўчына. — Асабліва шмат сярод пакупнікоў дзяцей-выхаванцаў школы. Любяць тут бавіць час і адпачываць маладыя сем’і з дзецьмі пасля наведвання басейна і заняткаў у трэнажорнай і спартыўнай залах. Падабаецца ім не толькі наш заўсёды свежы тавар і культура абслугоўвання, але і асаблівая атмасфера ў спартыўнай школе.

    Са словамі прадаўца не паспрачаешся, бо сцены буфета і фае нядаўна ўпрыгожылі карціны на марскую тэматыку, намаляваныя мастаком установы Генадзіем Генадзьевічам Гоцманам. Яны з першага моманту задаюць пэўны настрой. Дапаўняе ўражанні і сістэма відэаназірання, якая гарантуе асабістую і маёмасную бяспеку кожнаму наведвальніку.

    — Новаму будынку спартыўнай школы няма яшчэ і двух гадоў, — зазначае кіраўнік установы, — а ў нас ужо багата сяброў-арганізацый, якія наладжваюць на базе нашай установы свае спартыўныя мерапрыемствы. Сярод іх калектыў Бярэзінскага лясгаса. Праводзяць у нашых залах вольны час і вартавыя правапарадку. Напрамую зацікаўлена ў гэтым кіраўніцтва міліцыі. Пазіцыя такіх кіраўнікоў павялічвае армію аматараў здаровага ладу жыцця і садзейнічае папулярнасці нашай установы, якая ў хуткім часе абяцае рост колькасці пераможцаў-спартсменаў.

    На здымках: дырэктар установы  А.В. Сушынскі; інструктар   па плаванні В.А. Лапыцька; прадавец В.У. Сямашка; заняткі ў трэнажорнай зале.

    Фота Алены ГРОМАВАЙ.

     

    Автор: Мілана ТРАПЯНОК.Бярэзінская панарама

Комментарии (0)