23 Апреля, 2024 Вторник

Балгарскі адпачынак жабінкаўскіх плыўцоў

  • 28 августа 2017 Спорт Беларуская 0

    Выхаванцы трэнера па плаванні СДЮШАР Жабінкаўскага раёна Людмілы Гаўрылюк нядаўна вярнуліся з Балгарыі. Два тыдні дзеці са сваім настаўнікам правялі ў аздараўленчым лагеры “Матрыца”, што знаходзіцца ў балгарскім горадзе Каварна.

    Праграма адпачынку была вельмі насычанай. Адразу пасля сняданку хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі купацца ў моры. На пляжы іх забаўлялі аніматары, таму час да абеду пралятаў вокамгненна. А пасля смачных страў дзяцей чакала многа спраў: трэніроўка ў адкрытым басейне, флэшмоб, гурткі па інтарэсах, гульні на свежым паветры. Жабінкаўскія плыўцы нават зняліся ва ўласным кліпе!

    А яшчэ былі вельмі цікавыя экскурсіі, і адна з іх – займальная паездка на джыпах па гарах і палях Балгарыі ў адну з вёсак, якая славіцца сваім фальклорам. Там дзеці пазнаёміліся з побытам і традыцыямі балгараў, з іх кухняй, песнямі і танцамі. Не менш цікавай атрымалася і вандроўка на сапраўдным пірацкім караблі з піратамі на борце! Дзяўчынак і хлопчыкаў чакала бітва з іншым пірацкім караблём. Хоць пісталеты былі воднымі, азарту гэта ані не зменшыла. А перамагчы дапамаглі трэнер і мамы, што суправаджалі юных плыўцоў. Затым дзяцей чакаў сапраўдны баль: пачастункі ад піратаў, гульні і дыскатэка прама на палубе. Завяршальным акордам стала пасвячэнне ў піраты. На памяць пра гэтае падарожжа ў кожнага дзіцяці засталіся пірацкае таўро і капялюш.

    Але, мабыць, самай запамінальнай падзеяй для нашых юных плыўцоў стала наведванне аквапарка ў Залатых Пясках. Захапленню дзяцей не было мяжы! Нягледзячы на саракаградусную спёку яны забіраліся па лесвіцах на самыя крутыя горкі, каб ізноў выпрабаваць свабоднае падзенне пры спуску.

    Вянцом адпачынку жабінкаўскіх плыўцоў стаў удзел у міжнародным турніры па плаванні. 17-ы год запар спартыўны клуб “Юльян Русеў” сумесна з мэрыяй Варны з’яўляюцца арганізатарамі традыцыйнага для горада дзіцячага турніру па плаванні ў памяць знакамітага балгарскага плыўца Юльяна Русева. Сёлета нашым юным спарт-

    сменам пашчасціла стаць яго ўдзельнікамі. Спаборніцтвы адбыліся ў спартыўным комплексе “Прыморскі” ў адкрытым басейне, напоўненым мінеральнай вадой. Праграма была разлічана на два дні і складалася з практыкаванняў па ўсіх відах плавання на дыстанцыях 50 і 100 метраў, а таксама з эстафеты 8х50 па групах у залежнасці ад года нараджэння.

    У зборную каманду Беларусі ўвайшлі жабінкаўцы Павел Панасюк, Аляксандр Шэдаў, Сямён Малашанка, Кірыл Ігнатчык, Арцём Зозан, Уладзіслаў Пархуцік, Аляксандр Актысюк, Эліна Шаўчук, Марыя Бандарчук, Павел і Надзея Гурыны, Таццяна Саўчук, Кацярына Селех, Арцём Кандрацюк і Кірыл Яцук. Акрамя нашых спартсменаў, у складзе беларускай зборнай былі і плыўцы з Гродна.

    Дзеці прыкметна хваляваліся перад стартам. Для некаторых гэта былі першыя спаборніцтвы на такім узроўні. І вось пасяджэнне судзейскай калегіі скончылася, абвясцілі пастраенне каманд-удзельнікаў (а іх было каля трохсот) уздоўж басейна. Галоўны суддзя аб’явіў праграму спаборніцтваў і пажадаў усім удалых стартаў.

    Нашы плыўцы выступілі нядрэнна, хоць прызавых месцаў не ўдалося заваяваць нікому з нашай зборнай. Многія палепшылі свае вынікі, нягледзячы на незнаёмы, нязвыклы басейн. Павел Панасюк, напрыклад, быў сёмым на дыстанцыі 100 метраў вольным стылем, Уладзіслаў Пархуцік шостым, а Аляксандр Актысюк адзінаццатым на дыстанцыі 50 метраў брасам, Аляксандр Шэдаў быў пятым на дыстанцыі 100 метраў брасам. Саша Актысюк прыплыў дзявятым на дыстанцыі 50 метраў на спіне. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі добры вопыт удзелу ў падобнага роду мерапрыемствах, зразумелі, што трэба шмат трэніравацца і працаваць над сабой, каб дамагчыся выдатнага выніку.

    А для гэтага патрэбны штодзённыя трэніроўкі. Юныя спартсмены, іх таты і мамы вельмі спадзяюцца, што басейн спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” пачне сваю працу з 1 верасня і ў дзяўчынак і хлопчыкаў будзе магчымасць трэніравацца.

    Ад імя ўсіх бацькоў хачу падзякаваць трэнеру нашых дзяцей Людміле Гаўрылюк за тое, што ўзяла на сябе адказнасць адвезці на адпачынак 23 дзіцяці, бо вярнуліся яны паздаравелымі, загарэлымі і задаволенымі.

    Фота аўтара.

    Автор: Таццяна БАНДАРЧУКСельская праўда

Комментарии (0)