19 Апреля, 2024 Пятница

В туризме только девушки. "Таких впечатлений, как в походах на природу, вы не получите ни от одной компьютерной игры!"

  • 17 ноября 2017 Спорт Беларуская 0

    Нягледзячы на экстрэмальнае надвор’е ў летнія месяцы, адыходзячы сезон аказаўся для аматараў спартыўнага турызму такім жа «гарачым», як і ў папярэднія гады.

    І хаця маршруты паездак і паходаў цяпер ахопліваюць толькі Беларусь, багаж уражанняў ад убачанага і перажытага ад гэтага не паменшыўся.

    Як расказваюць педагог дадатковай адукацыі С.В.Зелянееў і дырэктар Цэнтра турызму і краязнаўства С.А.Макарчук, ажыццявіць, на жаль, удалося не ўсе планы на лета. Вырашылі пакуль адкласці на будучае велапаходы: да таго часу, як падрастуць юныя жадаючыя прыняць у іх удзел. Але адбыліся сплавы на байдарках па рэках Моўчадзь, Шчара і Друць. У фінале сезона турыстаў чакае добра вывучаная пружанцамі Зяльвянка. Што тычыцца адпаведных спаборніцтваў, то сёлетняя задача — трапіць у дзясятку лепшых каманд вобласці — рэалізавана: апынуліся сёмымі з 18 сапернікаў у абласным комплексным злёце і пятымі — у турзлёце па арыентаванні сярод 14 каманд вобласці.

    У асабістых заліках пружанскія дзеці заваявалі нямала прызавых месцаў, асабліва ў арыентаванні. На будучае мяркуюць значна развіць свае навыкі, каб на роўных сапернічаць з самымі «зорнымі» майстрамі ў тэхніцы пешаходнага турызму.

    — Магчымасць збіраць дзяцей і дарослых, апантаных спартыўным турызмам, мы маем, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы,— гаворыць С.А. Макарчук.— Актыўна падтрымлівае гурткоўцаў раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму. Напрыклад, у раёне створаны Цэнтр турызму і краязнаўства, які аб’ядноўвае 15 школьных гурткоў спартыўнай і краязнаўчай накіраванасці, дзе займаецца больш за дзве сотні дзяцей. Таксама фінансуецца ўдзел ў спаборніцтвах абласнога ўзроўню, удзельнікі  забяспечваюцца транспартам.

    У нас ёсць выдатная база ў Рудніках, дзе летам арганізуецца аздараўленчы турыстычны лагер для дзяцей, а ў міжсезонне маюць магчымасць зняць нумары паляўнічыя і аматары рыбалкі ў рамках праграмы «адпачынку выхаднога дня». Значную падтрымку атрымлівае Цэнтр з боку грамадзян: хто дапамагае арганізаваць паездкі, хто дарыць спартыўны інвентар: палаткі, компасы і іншае. Гэта і  бацькі дзяцей, якія наведваюць гурткі, і прыватныя прадпрымальнікі. З’ява не нясе пакуль масавы характар, як таго хацелася б, але і за гэта турысты выказваюць нераўнадушным людзям вялікую ўдзячнасць.

    У халодны сезон года аматары спартыўнага турызму не застаюцца без справы. Безумоўна, праводзіцца падрыхтоўка да наступнага года: плануецца адправіцца ў паход у Крым. Але хапае запрашэнняў на асеннія і зімовыя спаборніцтвы. Напрыклад, у бліжэйшы час да Сусветнага дня турызму запланаваны спаборніцтвы па тэхніцы пешаходнага турызму «Палацык-2017».

    Зараз надыходзіць час  актыўнага папаўнення гурткоў, куды запрашаюць усіх жадаючых, бо менавіта ад самага шчырага жадання займацца спартыўным турызмам пачынаецца першы крок. Як расказвае С.В.Зелянееў, нямала значыць і фізічная падрыхтоўка, бо працаваць давядзецца і рукамі, і нагамі. І нават галавой, бо многія заданні пад сілу толькі кемлівым. На жаль, асноўны касцяк турыстычнай каманды раёна складаецца з дзяўчат, з боку хлопцаў такога шчырага жадання няма.— Аднойчы мы правялі паказальныя выступленні для трэцякласнікаў адной са школ раёна, пасля чаго запрасілі ўсіх дзяцей паўтарыць убачанае,— успамінае Сяргей Валер’евіч.

    — З радасцю за асваенне тэхнікі ўзялося больш за дзесяць дзяўчынак і толькі двое хлопцаў. Карыстаючыся магчымасцю, пераконваю усіх заўзятых камп’ютарных гульцоў: такіх уражанняў, як у паходах на прыроду, вы не зможаце атрымаць ні ў адной віртуальнай гульні! А яшчэ спартыўны турызм — гэта добры падмурак для развіцця і нават будучага выбару прафесіі. Напрыклад, у нашай краіне пастаянна патрэбны вышынныя альпіністы, якія працуюць на прамысловых аб’ектах і шматпавярховых будынках. Нямала вышэйшых навучальных устаноў набіраюць абітурыентаў, якія  жадаюць асвоіць прафесіі спецыялістаў па турыстычным і гасцінічным бізнэсе, экскурсаводаў і г.д.

    — Ды і атрыманы зарад фізічнага здароўя і бадзёрасці  спатрэбіцца  на доўгія гады,— зазначае Сяргей Аляксандравіч.

    Алег Сідарэнка.

    Фота з архіва Сяргея  Зелянеева.

    Автор: Алег СідарэнкаРаённыя будні

Комментарии (0)