25 Апреля, 2024 Четверг

І вопыт, і новыя знаёмствы

  • 02 февраля 2018 Спорт Беларуская 0

    У 2019 годзе Беларусь прыме II Еўрапейскія гульні. Іх арганізатарам будуць дапамагаць тысячы неабыякавых людзей — валанцёраў. Плануецца прыцягнуць каля шасці тысяч чалавек.

    Валанцёраў задзейнічаюць у 20 розных напрамках. Гэта лагістыка, праца са СМІ, допінг-кантроль, медыцынскае абслугоў­ванне, дапамога ў размяшчэнні гасцей і спартсменаў і многае іншае. Пра ўсе функцыі валанцёраў можна даведацца на афіцыйным сайце фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года». Для кожнага напрамку дзейнасці прад'яўляюцца пэўныя патрабаванні, па якіх і будзе праходзіць падрыхтоўка. Але асноўны крытэрый — гэта жаданне працаваць.

    У шэрагі добраахвотнікаў запісалася і пастаўчанка Ангеліна Смаленская. У мінулым навучальным годзе яна з залатым медалём скончыла школу і паступіла на бюджэтную форму навучання ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, на факультэт англійскай мовы. Пасля здачы сесіі Ангеліна прыехала на канікулы, і я папрасіла дзяўчыну расказаць, што падштурхнула запісацца ў шэрагі валанцёраў.

    — Пра тое, што ідзе набор валанцёраў на Еўрапейскія гульні, спачатку прачытала на сайце БРСМ, затым нам аб'явілі пра гэта ва ўніверсітэце і прапанавалі паўдзельнічаць. Я зацікавілася. Запоўніла заяўку, выбрала кірункі, у якіх хачу працаваць. Зараз чакаю гутаркі, яна павінна адбыцца ў гэтым месяцы. Па яе выніках і стане вядома, ці траплю ў лік тых, каму пашчасціла, — расказвала Ангеліна. — У снежні мінулага года ў якасці валанцёра прымала ўдзел у II З'ездзе навукоўцаў Беларусі. Гэты форум узбагаціў новым вопытам, пакінуў незабыўныя ўражанні, таму вельмі спадзяюся, што буду задзейнічана і ў правядзенні маючых адбыцца Еўрагульняў.

    Ангеліна выбрала тры кірункі, у якіх жадае быць карыснай гасцям і ўдзельнікам гульняў: цырымоніі, камунікацыі, лінгвістычныя паслугі. Першы прадугледжвае дапамогу ў навігацыі, другі —  удзел у PR-мерапрыемствах, абнаўленне публікацый на афіцыйных сайтах і ў сацыяльных сетках, трэці —  ажыццяўленне пісьмовых і вусных перакладаў, прадастаўленне інфармацыі ўдзельнікам і гасцям на іх роднай мове.

    Пытаюся, што прываблівае ў валанцёрскай рабоце і што чакае ад яе.

    — Хачу адчуць сябе часткай чагосьці маштабнага і грандыёзнага, быць у гушчыні па­дзей, набыць новых сяброў, а галоўнае — атрымаць моўную практыку, — пералічвае перавагі Ангеліна. — Упэўнена, што любы, хто будзе мець хоць якое дачыненне да гэтага мерапрыемства, атрымае яркія ўражанні і станоўчыя эмоцыі.

    Вераніка ФІЛАНОВІЧ

    Падчас II Еўрагульняў Беларусь прыме каля чатырох тысяч атлетаў, якія выступяць у 15 відах спорту. Будзе разыграна 189 камплектаў медалёў у 23 спартыўных дысцыплінах. Некалькі відаў спорту стануць кваліфікацыйнымі да Алімпійскіх гульняў-2020 у Токіа.

    Плануецца, што спаборніцтвы прымуць стадыёны «Дынама» і «Мінск-Арэна», таксама яны будуць праводзіцца на вяслярным канале ў Заслаўі, у Палацы тэніса, спартыўных комплексах «Уручча», Falcon Club, імя маршала Цімашэнкі, «Алімпійскі», Sporting Club і Palova Arena каля Палаца спорту.

    Лагатыпам беларускіх Еўрапейскіх гульняў выбрана алімпійскае полымя. Яно нагадвае «Папараць-кветку», што бліскаціць. Афіцыйным дэвізам II Еўрагульняў стане выказванне «Bright Year, Bright You» («Яркі год, яркі ты»), пачатковыя літары слоў якога складаюцца ў пентаграму BY. Таксама будзе руская варыяцыя лозунгу «Время ярких побед» і беларуская — «Час яскравых перамог».

    Автор: Вераніка ФілановічПастаўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)