29 Марта, 2024 Пятница

Масава і азартна прайшла "Пастаўская лыжня-2018"

  • 19 февраля 2018 Спорт Беларуская 0

    «Не здавайся!», «Засталося крыху!», «Давай!», «Працуй рукамі!», «Паднацісні!», «Саступі лыжню!»… Гэты і іншыя воклічы амаль бесперапынна гучалі на гарадскім стадыёне, дзе 11 лютага адбылося культурна-спартыўнае свята «Пастаўская лыжня-2018».

    Шчыра кажужы, з таго моманту, як атрымала рэдакцыйнае заданне асвятляць гэта мерапрыемства, не пакідала хваляванне: ці дазволіць яму адбыцца сёлетняя капрызная зіма? Але, на шчасце, перажыванні аказаліся дарэмнымі, і раённая лыжня адбылася. Больш за тое, у параўнанні з мінулымі гадамі, сабрала досыць вялікую колькасць удзельнікаў і гледачоў. Каб ніхто не сумаваў і меў магчымасць сагрэцца гарачым чаем альбо перакусіць, былі арганізаваны выязны гандаль і музычнае афармленне.

    На ўрачыстым адкрыцці лыжных стартаў усіх вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Васільевіч Чэпік:

    — Дзякую жыхарам раёна за цікавасць да спартыўнага свята, жадаю цудоўнага настрою, лёгкай трасы і заслужаных перамог. Сёння гэтаму спрыяе нават надвор'е. У той жа час, калі не ўдасца заваяваць прызавыя месцы, не адчайвайцеся, памятайце, што алім­пійскі прынцып абвяшчае: «Галоўнае — не перамога, а ўдзел».

    Права ўзняць Дзяржаўны сцяг было даручана капітанам мінулагодніх каманд-пераможцаў: гімназіі, Курапольскага сельскага Савета і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

    І вось лыжныя гонкі пачаліся. Першымі стартавалі навучэнцы гарадскіх і сельскіх сярэдніх школ, гімназіі і каледжа. Сярод 11 каманд устаноў адукацыі найлепшы вынік (10 хвілін 46 секунд) паказалі прадстаўнікі каледжа: Лучана Чубрэвіч, Аляксей Гаўрыльчык, Вячаслаў Бабіч і Вадзім Каравацкі. Дзяўчына і юнакі ўпэўнены, што іх перамога — не шанцаванне, а заканамернасць.

    — Трэніравацца пачалі адразу, як выпаў снег. Гэты від спаборніцтваў падабаецца ўсёй нашай каман­дзе, бо з'яўляецца не толькі відовішчным і азартным, але і дазваляе праявіць характар, узмацніць камандны дух. Вынікам вельмі задаволеныя, — дзяліліся ўражаннямі пераможцы першага заезду.

    Крыху больш за хвіліну ім саступілі навучэнцы Навасёлкаўскай СШ. Іх вынік — 12,00. Трэцяй стала каманда Камайскай СШ (12,05).

    У другой, самай нешматлікай, групе (усяго 5 каманд) выступалі лыжнікі сельскіх Саветаў. З вынікам 12,09 хвіліны перамагла каманда Навасёлкаўскага сельскага Савета. Першынство здабылі Анжаліка Булышка, Мікіта Мурзіч, Уладзіслаў Селязнёў, Дзяніс Казенка. На другім месцы прадстаўнікі Ярэўскага сельскага Савета (13,17), на трэцім — Лынтупскага (13,37).

    Самая азартная барацьба разгарнулася ў трэцяй групе, дзе свой спрыт дэманстравалі арганізацыі і прадпрыемствы раёна. У ёй за лідарства спрачаліся 15 каманд. Першай фінішавала каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях у скла­дзе Веранікі Зімніцкай, Андрэя Турка, Сяргея Мінгіновіча і Паўла Навумчыка. Другімі прыйшлі прадстаўнікі ад­дзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, трэцімі — малочнага завода.

    У асабістым першынстве вызначыліся Лучана Чубрэвіч і Іосіф Юркайць (трэцяе месца), Вераніка Сіланава і Вячаслаў Бабіч паказалі другі вынік. Пераможцамі сталі Наталля Грыгалёнак, якая прабегла дыстанцыю ў 500 метраў за 2 хвіліны, і Юрый Трафімаў. Ён пераадолеў кіламетр за 2,59 хвіліны.

    Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 140 чалавек. Пераможцы і прызёры эстафеты адзначаны дыпломамі і падарункамі. Па выніках спаборніцтва сфарміравана каманда, якая 24 лютага прадставіць наш раён на абласным спартыўным свяце ў Гарадку.

    Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ

    Автор: Вераніка ФілановічПастаўскі край

Комментарии (0)