25 Апреля, 2024 Четверг

Убачыць Парыж — І…

  • 17 ноября 2015 Происшествия Русский 0

    Ад лёсу не схаваешся… І вось таго, хто вырашыў увечары проста адпачыць і пайшоў на канцэрт, стадыён, у рэстаран — хадзіў, размаўляў, смяяўся, — ужо няма. І ні ўсвядоміць гэта, ні прыняць — немагчыма. А ў памяці яшчэ жывая катастрофа самалёта А321, падзеі ва Украіне. І хіба можна забыць трагедыю ў Мінскім метро, калі там пацярпелі землякі, знаёмыя…

    Асабіста я ўбачыла Парыж дзевяць год таму, і таксама ўвосень.

    …У турыстычным аўтобусе да Парыжа мы ехалі цёмначы, стомленыя пасля практычна цэлага дня ў дарозе. Хацелася, нарэшце, прыняць душ і выцягнуцца на ложку. Толькі прыгарад сталіцы Францыі, дзе мы павінны былі начаваць, усё аддаляўся. Аўтобус нібы круціўся на месцы, пятляў. Не аднойчы вадзіцелі-палякі спыняліся, каб распытаць у рэдкіх прахожых пра дарогу. Нарэшце апоўначы дабраліся да невялікага гатэля. А назаўтра прадстаўніца турфірмы патлумачыла: маўляў, спецыяльна вырашылі нам не казаць, што за гадзіну да нашага з’яўлення на дарозе адбылася аварыя. Дрэнна замацаваны груз вылецеў з фуры прама перад турыстычным аўтобусам, які вёз у Парыж расіян. Аўтобус перавярнуўся, загінулі вадзіцель і яшчэ адна жанчына. Астатнія турысты атрымалі траўмы. Вось чаму нашым вадзіцелям давялося сабраць усю волю ў кулак і, пастаянна мяняючыся, кружной дарогай даехаць да гатэля.

    На той час у мяне не было роўмінгу. А дома пра аварыю з фурай ужо стала вядома з выпускаў навін. Усё ж я папрасіла ў спадарожніцы тэлефон і дазванілася да сваіх. У адказ пачула: «Дзякуй Богу!»…

    Маладую пару з таго аўтобуса мы сустрэлі затым у Парыжы. Здагадаліся, што яны адтуль, па крывавых драпінах на руках і тварах. Трохі паразмаўлялі, паспачувалі, падбадзёрылі — і шчыра пажадалі вярнуцца дахаты без здарэнняў.

    Я вельмі люблю вандраваць. Але, мабыць, пакуль устрымаюся ад паездак за мяжу.

    А душа плача па ахвярах парыжскай трагедыі…

    Автор: Светлана АДАМОВИЧМінская праўда

Комментарии (0)