01 Мая, 2024 Среда

Прэзентацыя Коласавага шляху

  • 25 мая 2015 Культура Беларуская 0

    У нашым раёне прайшло выязное пасяджэнне Рэспубліканскага каардынацыйнага савета па турызме. 

    Яму папярэднічалі некалькі важных арганізацыйных момантаў. Найперш – узбуйненне УП «Беларустурыст»  шляхам далучэння да яго абласных турыстычных агенцтваў і ідэі развіцця новага накірунку – прафсаюзнага турызму пад кіраўніцтвам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Гэтыя дзве структуры аб'ядналіся ў пытаннях развіцця нацыянальнай галіны турызму. Узнікла ідэя стварыць такі турыстычны прадукт, які б рэалізоўваўся ў межах Беларусі з прыцягненнем замежных турыстаў. У дзень выязнога пасяджэння адбылася прэзентацыя новай турыстычнай праграмы. Пры падтрымцы Федэрацыі прафсаюзаў аднаўляецца нацыянальны турыстычны маршрут па коласаўскіх мясцінах. Удзельнікам выязнога пасяджэння Рэспубліканскага каардынацыйнага савета была прапанавана прэзентацыя гэтага маршруту з новымі падыходамі, якія ўключылі  элементы анімацыі, інтэрактыўнага абслугоўвання.

    У гэтым рэспубліканскім мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі УП «Беларустурыст» на чале з генеральным дырэктарам Людмілай Сянькоўскай, намеснік старшыні абласнога аб'яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Філімонаў і старшыні раённых аб'яднанняў прафсаюзаў Мінскай вобласці. У выязным пасяджэнні савета бралі таксама ўдзел навукоўцы з Нацыянальнай акадэміі навук, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі.

    На мемарыяльнай сядзібе Акінчыцы ўдзельнікаў Рэспубліканскага кардынацыйнага савета па турызме прывітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Юрый Мікалаевіч выказаў задаволенасць, што Коласавым мясцінам нададзена такая ўвага, якой яны і заслугоўваюць, з'яўляючыся радзімай народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. І наогул, Стаўбцоўскі раён геаграфічна вельмі выгадна размешчаны ў плане развіцця турыстычнага бізнесу: праз яго ляжыць шлях да важнейшых гістарычных і архітэктурных славутасцяў у Беларусі – Мірскага замка і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж». Гэтыя турыстычныя маршруты вельмі запатрабаваныя беларускімі і замежнымі турыстамі. Прамоўца адзначыў, што апошнім часам на ўзроўні райвыканкама надаецца вялікая ўвага развіццю турызму на стаўбцоўскай зямлі, і такія мерапрыемствы з удзелам кваліфікаваных спецыялістаў садзейнічаюць перайманню лепшага вопыту арганізацыі турыстычных паслуг.

    Прэзентацыя новай праграмы праходзіла з удзелам тэлевізійных каналаў і друкаваных рэспубліканскіх выданняў, у тым ліку і тэлеканала «Мир», які выходзіць у эфір у краінах Садружнасці. Надвор'е і настрой удзельнікаў выязнога пасяджэння спрыялі таму, каб Коласавы мясціны былі паказаны ва ўсёй красе. Маршрут пралёг праз Акінчыцы, Альбуць, Смольню і турбазу «Высокі бераг», якую прадстаўляла на выязным пасяджэнні начальнік службы прыёму і абслугоўвання Алена Каласоўская. Турбаза «Высокі бераг» мае вялікі інтарэс да гэтай новай праграмы, якая можа стаць двух- ці трохдзённай з начлегам на турбазе. Гэта актуальна для тых турыстычных груп, якія прыязджаюць з іншых абласцей Беларусі ці з-за мяжы. Удзельнікі выязнога пасяджэння маглі азнаёміцца з паслугамі, якія аказвае турбаза, пабыць у летніх доміках, што прапаноўваюцца турыстам, і, зразумела, палюбавацца краявідамі Наднямоння.

    На шляху да турбазы «Высокі бераг» былі Смольня і Альбуць. У Смольні, дзе ў 1912 годзе адбылася сустрэча двух песняроў Беларусі – Якуба Коласа і Янкі Купалы, у прэзентацыйную экскурсійную праграму, якую правяла навуковы супрацоўнік філіяла музея Якуба Коласа Софія Міцкевіч, былі ўключаны інтэрактывы, элементы анімацыі – удзельнікаў нарады «спрабавалі арыштаваць» жандармы. Гэта ажывіла становішча. Разам з тым, быў узгаданы гістарычны факт: арышт Якуба Коласа пасля першага з'езда настаўнікаў.

    У Альбуці, акрамя іншых музейных будынін, прэзентуюць і хатку знахаркі, абсталяваную параўнальна нядаўна. Удзельнікаў пасяджэння не толькі пазнаёмілі з гаючымі травамі коласаўскіх мясцін, апетымі ім у паэтычных творах, але і пачаставалі гарбатай з зёлак. Як сказала Зінаіда Камароўская ў інтэрв'ю сродкам масавай інфармацыі, сярод планаў, задум, новых формаў работы, якія плануецца ўключыць у далейшае развіццё мемарыяльнага сядзібнага комплексу, – стварэнне музея флоры і фаўны па творах Якуба Коласа.

    Як палепшыць працу беларускіх турыстычных кампаній, параіў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза. Навуковец прапанаваў правесці ў Стаўбцоўскім раёне навукова-практычную канферэнцыю з увагай да гісторыка-культурнай спадчыны і з яе практычным выкарыстаннем, каб навукоўцы маглі падказаць, што, акрамя запатрабаваных аб'ектаў, можна ўключыць у турыстычную сферу. Уводзіцца ва ўжыванне такі тэрмін як археалагічны турызм: у Белавежскай пушчы распачынаецца стварэнне першага ў Беларусі музея археалогіі пад адкрытым небам.

    Старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Мікалай Чырскі падаў ідэю пераняць вопыт правядзення экскурсій па маршруце «На радзіму Якуба Коласа» ў расійскага музейнага комплексу Пушкінскага запаведніка. Коласаўскі маршрут патрэбна актыўна папулярызаваць, лічыць Мікалай Чырскі, вядомы ў Беларусі экскурсавод з больш чым 40-гадовым стажам, які гатоў аказаць метадычную дапамогу і падтрымку пачынаючым спецыялістам у гэтым накірунку дзейнасці. Прагучала прапанова аб'явіць у Стоўбцах курсы экскурсаводаў.

    На ўсіх этапах прэзентацыйнай праграмы ўдзельнікаў выязнога пасяджэння сустракалі мастацкія калектывы Стаўбцоўшчыны ў нацыянальных строях, прынялі ўдзел у прэзентацыйнай праграме таксама і дзіцячыя школы мастацтваў. Госці маглі ацаніць арыгінальнасць і каларыт простых нацыянальных беларускіх страў і прызнаць, што няма нічога больш смачнага.

    Каб пілотны коласаўскі праект удала адбыўся, вялікую арганізатарскую падрыхтоўку правяла старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька. Менавіта ад Федэрацыі прафсаюзаў і яе раённых аб'яднанняў чакаецца далейшая ініцыятыва, падтрымка ў развіцці турыстычнага бізнесу ў краіне.

    Фота аўтара

    Автор: Святлана ЖЫБУЛЬПрамень

Комментарии (0)