28 Марта, 2024 Четверг

Любі сваё і захапляйся

  • 26 сентября 2016 Культура Беларуская 0

    У адзін з цёплых летніх дзянькоў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра арганізавала для сваіх наведвальнікаў чарговую паездку. На гэты раз – па храмах і гістарычных мясцінах Гродзенскай вобласці.

    Забягаючы наперад, скажу, што ў гэтай паездцы ўдалося столькі ўсяго паглядзець, што і сам дзіву даешся – няўжо хапіла аднаго дня?.. І гэта павучанне нам наконт таго, як, аказваецца, мала трэба (выкраіць усяго адзін дзень!), каб па-іншаму зірнуць на сваю Радзіму.

    На руінах былой велічы

    Нашымі першым і завяршальным прыпынкамі ў падарожжы па Гродзеншчыне сталі сведкі вялікай гісторыі, яркіх гістарычных персанажаў – князёў і каралёў Вялікага княства Літоўскага. Але… ад гэтых замкаў засталіся толькі велічныя руіны ды загадкавыя легенды. Безумоўна, размова ідзе пра Крэва і Гальшаны. Крэўскі замак, пабудаваны князем Гедымінам на злучэнні рэк Крэвянка і Шляхцянка ў ХIV стагоддзі падчас напружанай барацьбы з тэўтонскімі рыцарамі, служыў часткай (разам з замкамі ў Лідзе і Навагрудку) абарончых умацаванняў, так званым «каменным поясам». Ён перажыў нямала важных гістарычных падзей да і пасля заключэння ў 1385 годзе легендарнай Крэўскай уніі. У Крэве расказваюць, што ў замку нібыта быў падземны ход, які вёў акурат у Вільню,  і нібыта быў храм, які абрынуўся пад зямлю ад цяжару людскіх грахоў… 

    Пры згадцы пра Гальшаны, цяперашні невялікі населены пункт на скрыжаванні дарог Навагрудак – Ашмяны – Смаргонь, уяўляецца адразу Уладзімір Караткевіч і яго раман «Чорны замак Альшанскі», поўны, як вядома, містыкі і невытлумачальных гісторый (вучоныя, дарэчы, таксама не адмаўляюць прысутнасць тут анамальных з'яў). Гісторыя Гальшанаў пачалася ў 1280 годзе. Аб гэтым указваецца ў «Хроніцы Быхаўца»: "…чацвёрты брат вялікага Нарымунда, Гольша, перайшоў раку Вілію і знайшоў гару прыгожую паміж гарамі і стварыў горад, і назваў сваім імем Гальшаны". Нашчадкі яго насілі гучнае прозвішча – Гальшанскія, займалі значныя пасады ў ВКЛ, а прадстаўніцы прыгожай паловы роду станавіліся жонкамі каралёў (Вітаўта, Ягайлы). У першай палове ХVII стагоддзя ўнук Алены Гальшанскай (Павел Сапега – бліскучы палітык, падканцлер ВКЛ), пабудаваў у Гальшанах шыкоўны палац – гонар усяго княства. Але, як лічаць гісторыкі, адсутнасць у яго спадчыннікаў стала галоўнай прычынай заняпаду і разбурэння замка. У савецкі час пабудова пацярпела яшчэ больш – цэглу з яе накіравалі на будаўніцтва фермы. Разам з тым, Гальшаны нярэдка называюць музеем пад адкрытым небам: тут захаваліся рэшткі сцен і вежаў, арачныя перакрыцці.

    Наперад, да храмаў

    У аграгарадку Баруны (Ашмянскі раён) прыцягвае і здзіўляе рознавысотны манастырскі ансамбль ХVIII стагоддзя. Уваходзяць у яго касцёл святых Пятра і Паўла (былая ўніяцкая царква) з цудатворнай іконай Божай Маці Барунскай, «Уцяшальніцай усіх засмучаных», званіца, каменная агароджа з дзвюма брамкамі, квадратны ўнутраны двор, у якім месціцца двухпавярховы будынак былога манастыра. Калісьці пры манастыры дзейнічала свецкая школа. У ёй вучыліся гісторык і публіцыст Ігнаці Ходзька, паэт Юліян Корсак, мемуарыст і выдавец, сябар Адама Міцкевіча і Юліуша Славацкага Антон Эдвард Адынец. У 1920 годзе ў гэтых сценах была адкрыта Беларуская настаўніцкая семінарыя. Яе стваральнікам і дырэктарам быў палітычны дзеяч Заходняй Беларусі Сымон Рак-Міхайлоўскі. У Барунах устаноўлены помнік – першы на постсавецкай прасторы імянны манумент, прысвечаны подзвігу экіпажа самалёта "Ілья Мурамец", які загінуў у Першай сусветнай вайне.

    У Жупранах, суседніх з Барунамі, таксама ёсць прычына пабываць. Славутасцю з'яўляецца вельмі прыгожы касцёл святых Пятра і Паўла (год будаўніцтва – 1854). Унутры яго выкананы помнік ураджэнцу гэтых мясцін –пісьменніку Францішку Багушэвічу. Дзяржавай устаноўлены помнік пісьменніку з барэльефам на могілках, што знаходзяцца па суседству з касцёлам. Тут пахаваны разам Францішак Багушэвіч  і яго блізкія – бацька, жонка, сын, брат. Мы пераканаліся, што біяграфію і творчасць вядомага земляка ведаюць у Жупранах усе.

    У цэнтры аграгарадка Солы (Смаргонскі раён) прываблівае ў першую чаргу касцёл Богамаці Ружанцовай – асіметрычнай формы, у стылі мадэрн, што, несумненна, робіць яго адным з самых адметных храмаў Беларусі, пабудаваных «за польскім часам». Тадышнія ахвяраванні на яго ўзвядзенне склалі больш за паўмільёна злотых. У касцёле практычна поўнасцю захаваліся інтэр'еры і фрэскавы жывапіс. На галоўным алтары – Чанстахоўская Божая Маці, абапал яе – роспісы на гістарычныя тэмы. Увайшлі ў гісторыю, між іншым, і самі Солы – тут было падпісана пагадненне аб перамір'і паміж Германіяй і Расіяй аб спыненні ваенных дзеянняў на Заходнім фронце падчас Першай сусветнай вайны (праз 10 дзён гэтае пагадненне было афіцыйна падпісана ў Брэст-Літоўску).

    Своеасаблівай кульмінацыяй усіх атрыманых за час падарожжа ўражанняў стаў касцёл Святой Тройцы ў Гярвятах (Астравецкі раён), на мяжы Беларусі і Літвы. Гярвяцкі касцёл уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі (61 м) і, несумненна, з'яўляецца адным з лепшых узораў неагатычнага стылю. Храм быў пабудаваны ў 1903 годзе (усяго за чатыры гады!) на месцы драўлянага касцёла 1526 года. Перад касцёлам – характэрныя для літоўскіх храмаў драўляныя крыжы са складанай разьбой. Яго ўнутранае ўбранства вытрымана ў адзіным стылі,  аздоблена старадаўнім дзеючым арганам, а завершанасць ансамблю надае дэкаратыўны ландшафт з фігурамі апосталаў. Храмавая тэрыторыя не проста добраўпарадкавана, гэта – міні-парк у фрунцузскім стылі. Нам, турыстам, не хацелася пакідаць гэтыя дарожкі з акуратна пастрыжанымі кустамі, багаццем кветак і сапраўднай незямной гармоніяй…    

    Пасля паездкі застаецца ў душы шмат розных пачуццяў, адчуванняў, але самае галоўнае – усведамленне багацця нашай нацыянальнай гісторыі і спадчыны, многае з чаго пакуль яшчэ не спазнана, гонар за родную Беларусь. 

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)