29 Марта, 2024 Пятница

Ну і драпежнікі на Пастаўшчыне!

  • 13 октября 2017 Происшествия Беларуская 0

    Вольга Антонаўна Януш з вёскі Балаі Курапольскага сельсавета трымае на падвор’і шмат жыўнасці, у тым ліку і авечак. Сёлета мела іх ажно дзявяцера рознага ўзросту: двух- і трохгадовых, а таксама ягнятак. Пасвіліся яны прама за домам, на абгароджаным участку. Там жа і начавалі. Гаспадары збіраліся з наступленнем халадоў перавесці авечак у хлеў, як рабілі кожны год. Але не паспелі… 

    Выйшаўшы раніцай да статка, Вольга Антонаўна ледзьве не абамлела  — усе авечкі ляжалі акалелыя, з перагрызенымі горламі. Участковы інспектар міліцыі і ветурач, якія прыехалі па выкліку, прыйшлі да заключэння, што гэта воўчая работа.

    — Няўжо ў вас няма сабакі, які абвясціў бы брэхам пра небяспеку? — пытаюся.

    — Ёсць, і вельмі галасісты наш Граф. На каго і на што ён толькі ні брэша! А ваўкоў, напэўна, спужаўся і не цяўкнуў. Як я плакала, калі закопвалі авечак!

    Драпежнікі нанеслі гаспадарам немалы ўрон, але паколькі жыўнасць не была застрахавана, кампенсацыі яны не атрымаюць.

    Фаіна КАСАТКІНА.

    Алег КАРПІК, дырэктар раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў:

    — Падобныя факты не-не ды здаралі­ся раней на тэрыторыі раёна — драпежнікі знішчалі не толькі авечак, але і цялятак. Адназначна, што ў Балаях ваўчыха такім чынам вучыла паляваць свой вывадак. Мяркую, што ваўкі мігрыруюць паміж Пастаўскім і Шаркаўшчынскім раёнамі, бо ў лясах ля Балаёў нашы паляўнічыя такіх драпежнікаў не выявілі.

    Автор: Фаіна КасаткінаПастаўскі край

Комментарии (0)