25 Апреля, 2024 Четверг

Прэзідэнта ўразілі пастаўскія кааператары

  • 13 мая 2016 Общество Беларуская 0

    У папярэднім нумары райгазеты быў змешчаны матэрыял Беларускага тэлеграфнага агенцтва аб рабочай паездцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у прыватнасці аб наведванні  вёскі Дабрынь Ельскага раёна Гомельскай вобласці.

    У аграгарадку, дзе пражывае каля 800 чалавек,  А.Лукашэнка азнаёміўся з работай шэрага аб’ектаў сацыяльнай сферы, у тым ліку мясцовага гандлёвага  цэнтра Белкаапсаюза, дзе была разгорнута выстава прамысловай і харчовай прадукцыі лепшых вытворцаў спажывецкай кааперацыі краіны. Віцебскі абл­спажыўсаюз прадстаўлялі майстры кулінарнай і кандытарскай справы з Пастаў. Побач з традыцыйнымі вырабамі каўбаснага і квасільна-засолачнага цэхаў, пастаўчане шырока прадставілі прадукцыю здаровага харчавання з паніжаным утрыманнем тлушчу і цукру. Майстар-кандытар Алена Пузан і тэхнолаг кандытарскага цэха Вольга Цыунель прыгатавалі тарты, пірожныя, пячэнне, кексы і іншую выпечку з выкарыстаннем капусты тушанай і морквы са смажанай цыбуляй, буракоў, бульбы, тварожных напаўняльнікаў і іншых інгрэдыентаў. Нягледзячы на незвычайныя спалучэнні прадуктаў, вырабы атрымаліся смачныя, прывабныя, зацікавілі спецыялістаў і многіх наведвальнікаў выставы.

    Кіраўнік дзяржавы быў асабліва ўражаны сапраўднымі шэдэўрамі кулінарнага майстэрства, якія прадэманстравалі майстар-повар Галіна Зямчонак і майстар-кандытар Святлана Карандашова. Яны неаднаразова ўдзельнічалі ў розных прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, маюць шматлікія ўзнагароды, у тым ліку залатыя медалі, дыпломы пераможцаў і лаўрэатаў. Пастараліся пастаўскія кааператары і на гэты раз. Галіна Зямчонак спецыяльна для Прэзідэнта прыгатавала падарункі — вялікі пернік і велікоднае яйка. Святлана Карандашова ўручыла кіраўніку дзяржавы букецік цукровых фіялак. Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з імі высока ацаніў вырабы, у тым ліку шыкоўныя цукровыя кветкі, карвінг.

    Намеснік дырэктара філіяла “Каапгандаль №2” па грамадскім харчаванні Крысціна Красоўская, якая прымала непасрэдны ўдзел у афармленні пастаўскай экспазіцыі, расказвала, што была вельмі ўражана ўвагай кіраўніка дзяржавы да работы кандытараў і высокай ацэнкай, дадзенай ім. Гэта стане добрым стымулам для далейшага росту прафесійнага майстэрства, пошуку новых магчымасцей.

    Пётр КУРЫЛОВІЧ.

    Автор: Пётр КУРЫЛОВІЧПастаўскі край

Комментарии (0)